Пра гэта паведамляе ТАСС са спасылкай на словы старшыні камісіі Аўдрыса Антанайціса.
«Назва дзяржавы ня можа быць палітычнай разьменнай манэтай. Беларусь нас пра гэта афіцыйна ня просіць, — сказаў ён. — Такое абмеркаваньне магчымае з часам, калі сытуацыя зьменіцца».
У цяперашні час прынятая ў літоўскай мове назва краіны — Baltarusija. Baltas у перакладзе з літоўскай азначае «белы», Rusija, калі браць гэтае слова асобна, — «Расея».
На думку старшыні камісіі, просьба аб перайменаваньні, якая зыходзіць ад Сьвятланы Ціханоўскай, «можа стварыць небясьпечны прэцэдэнт». «Магчыма, што ёсьць і іншыя дзяржавы, лідэры апазыцыі ці нават кіраўнікі якіх хацелі б зьмяніць назву, але гэта даволі складана, лепш пачакаць», — заявіў Антанайціс.
Раней МЗС Літвы заявіла, што зьвернецца ў дзяржаўную камісію па літоўскай мове па пытаньні перайменаваньня Беларусі ў афіцыйным абароце.
«Міністэрства замежных спраў папросіць камісію па дзяржаўнай мове ацаніць прапанову і пачаць працэдуру ўдакладненьня назвы», — прыводзяцца ў паведамленьні словы кіраўніка зьнешнепалітычнага ведамства Літвы Габрыэлюса Ландсбэргіса.
МЗС таксама паведаміў, што з просьбай аб пераглядзе ў афіцыйным абароце найменьня Беларусі ў ведамства зьвярнулася Сьвятлана Ціханоўская, якая з канца жніўня 2020 году знаходзіцца ў Літве.