У Лебапскай вобласьці Туркмэністану чыноўнікаў, бюджэтнікаў і школьнікаў абавязалі насіць з сабой сыроп з кораня лякрычніку, паведамляе туркмэнская служба Радыё Свабода.
Бюджэтнікаў папярэдзілі, што іх не дапусьцяць на працу без аптэчкі зь неабходнымі прэпаратамі. Аналягічныя патрабаваньні тычацца і школьнікаў. Пасьля аднаўленьня вучобы 18 студзеня яны павінны мець у сваёй аптэчцы сыроп кораня лякрычніку, антысэптык, пяць масак, аксалінавую мазь і гумовыя пальчаткі. Пры адсутнасьці такога набору выкладчыкам могуць абвясьціць вымову, а бацькоў — аштрафаваць.
У канцы мінулага году прэзыдэнт Туркмэністану Гурбангулы Бердымухамедаў выказаў здагадку, што корань лякрычніку (Glycyrrhíza) можа быць эфэктыўным у барацьбе з каранавірусам. Як паведаміла дзяржаўная тэлевізія Туркмэністану, Бердымухамедаў расказаў пра карысьць гэтага кораню, выступаючы на пасяджэньні ўраду 25 сьнежня.
Бердымухамедаў паведаміў, што чатыры з 15 відаў лякрычніку растуць на тэрыторыі Туркмэністану. Ён адзначыў высокую колькасьць у корані гэтай расьліны гліцэррызінавай кіслаты і даручыў Акадэміі навук краіны «старанна вывучыць» і іншыя карысныя ўласьцівасьці кораню.
Нягледзячы на сьведчаньні пра вялікую колькасьць захварэлых з сымптомамі каранавірусу і пра беспрэцэдэнтны ўзровень сьмяротнасьці ў краіне, кіраўніцтва Туркмэністану дагэтуль не пацьвердзіла фактаў заражэньня COVID-19 на сваёй тэрыторыі. Пры гэтым Туркмэністан плянуе закупіць расейскую вакцыну ад каранавірусу.
Аўтар шматтамовіка «Лекавыя расьліны Туркмэністану» Гурбангулы Бердымухамедаў у сакавіку заявіў пра карысьць дыму гармалы, саксаулу, а таксама локшыны зь перцам як сродкаў прафіляктыкі каранавірусу.
Увесну Аляксандар Лукашэнка прапаноўваў свае варыянты прафіляктыкі каранавіруснай інфэкцыі — сярод іх былі трактар, алькаголь, тлустая ежа і лазьня.