Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі і заробяць, то толькі арганізатары». Што можа даць беларускай эканоміцы хакейны чэмпіянат


Зьлева направа: кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка на трыбуне хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску ў траўні 2014 году
Зьлева направа: кіраўнік Расеі Уладзімір Пуцін, Аляксандар Лукашэнка, Мікалай Лукашэнка на трыбуне хакейнага чэмпіянату сьвету ў Менску ў траўні 2014 году

Пасьля візыту кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею Рэнэ Фазэля ў Менск так і не было сказана, ці адменяць чэмпіянат сьвету ў хакеі ў Беларусі. Чэмпіянат 2014 году каштаваў Беларусі немалых грошай. Разьбіраемся, адкуль Беларусь зможа ўзяць грошы на новы.

Колькі каштаваў мінулы чэмпіянат

Хакейны чэмпіянат у Беларусі праходзіў у 2014 годзе. Тады экспэрты казалі, што на яго магло быць выдаткавана ад 17 мільёнаў да 2 мільярдаў даляраў. Разьбежка такая вялікая, бо расходы можна ацэньваць разам з інфраструктурай і безь яе.

У 17 мільёнаў даляраў расходы ацэньваў тагачасны кіраўнік Дырэкцыі правядзеньня чэмпіянату Яўген Ворсін. У гэтую суму ўвайшлі выдаткі на рэкляму, забаўляльную праграму, продаж квіткоў, выраб сувэнірнай прадукцыі ды іншае.

Але ж пад чэмпіянат у Менску пабудавалі новыя арэны, гатэлі, абнавілі дарожную і транспартную інфраструктуру. Тагачасны кіраўнік упраўленьня фізычнай культуры, спорту і турызму Менгарвыканкаму Аляксей Пракаповіч анансаваў расходы на інфраструктуру ў 2,2 мільярда даляраў.

Хто заплаціць за чэмпіянат, калі ён адбудзецца

Гатэлі і арэны, якія будаваліся да мінулага чэмпіянату, працуюць і па сёньня, таму частка расходаў на гэта адпадае. Але грошы на спаборніцтвы такой клясы ўсё адно патрэбны. У пастанове ўраду аб міжнародных спартовых мерапрыемствах чэмпіянат сьвету ў хакеі не прапісаны.

Паводле фінансавага аналітыка «Альпары Эўразія» Вадзіма Іосуба, гэта можа значыць, што бюджэтных выдаткаў на яго не плянуюць.

«Фінансаваньне чэмпіянату не прадугледжана. Значыць, калі чэмпіянат усё ж будзе, то грошы на яго будуць прасіць у розных прадпрыемстваў у выглядзе нейкай спонсарскай дапамогі. На гэты момант разьлічваюць, што калі ён пройдзе, то не за бюджэтны кошт. Магчыма, урад загадзя вырашыў, што чэмпіянату, хутчэй за ўсё, ня будзе», – кажа Вадзім Іосуб.

«Краіне гэта нічога не прынясе»

Чэмпіянаты, якія прымае краіна, – гэта іміджавы і палітычны праект. Найчасьцей такія чэмпіянаты стратныя для краіны. Пра гэта гаворыць Вадзім Іосуб.

«Грошы на такіх мерапрыемствах могуць зарабіць падрадчыкі і арганізатары; гэта тыя, хто праводзіць цырымоніі адкрыцьця і закрыцьця, разьмяшчае гасьцей. Гаворкі аб прыбытку для краіны тут не ідзе, нават калі абстрагавацца ад палітычных праблем», – мяркуе Вадзім Іосуб.

Ня бачыць ніякай выгады ад чэмпіянату і кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук. Ён называе чэмпіянат «задавальненьнем для адной пэрсоны».

«Гэта прыносіць прыбытак Алімпійскаму камітэту, фэдэрацыі хакею, а эканамічнай выгады для краіны гэта не прыносіць. Ніхто не казаў, колькі мы зарабілі на Эўрапэйскіх гульнях, на мінулым чэмпіянаце, лічбаў пастфактум не было», – прыгадвае Яраслаў Раманчук.

На Эўрагульні, якія прайшлі ў Беларусі ў 2019 годзе, патрацілі каля 265 мільёнаў даляраў. Канкрэтных сумаў прыбытку чыноўнікі не называлі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG