Спартовы чыноўнік прыляцеў у Менск, каб абмеркаваць пэрспэктывы заплянаванага сёлета ў Беларусі і Латвіі хакейнага чэмпіянату сьвету.
«Як прэзыдэнта фэдэрацыі і асабістага сябра Беларусі хачу запэўніць, што ніякай небясьпекі ні ў якіх пытаньнях у нас няма і ня будзе — ні ад каранавірусу, ні з пункту гледжаньня палітычнай бясьпекі або фізычнай бясьпекі людзей, якія жывуць тут і прыяжджаюць да нас як госьці», — цытуе БелТА Лукашэнку, які пераконваў Фазэля.
Лукашэнка кажа, што да ўсяго гатовы
«У нас пратэстоўцы і іншыя не штурмуюць ўрадавыя ўстановы і „капітоліі“, абсалютна нармальная абстаноўка з гледзішча разьвіцьця дэмакратычных працэсаў. І гэта галоўная прычына незадаволенасьці асобных палітыкаў у Эўропе. Мяне хочуць абвінаваціць у тым, што я абараняю сваю краіну і людзей, але мяне для гэтага і выбралі. Я абавязаны забясьпечыць грамадзкую, унутраную і вонкавую бясьпеку людзей і дзяржавы. Можа быць, мае дзеяньні ў сувязі з гэтым камусьці на Захадзе і не падабаюцца», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён выказаў сваю ўпэўненасьць, што Беларусь гатовая правесьці турнір у любы час, уся спартовая і турыстычная інфраструктура да гэтага даўно падрыхтаваная.
«Як я ўспрымаю ўсе рухі вакол правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі? Скажу шчыра: вельмі спакойна. Здолее Міжнародная фэдэрацыя хакею выстаяць супраць несправядлівага ціску — значыць, правядзём чэмпіянат. Калі Латвія адмовіцца — правядзём самастойна, і гэта будзе найлепшы чэмпіянат у гісторыі. Калі Міжнародная фэдэрацыя ня справіцца зь ціскам асобных палітычных колаў — значыць, ня будзе чэмпіянату сьвету ў Беларусі. Усё цяпер залежыць ад вас», — зьвярнуўся Аляксандар Лукашэнка да Рэнэ Фазэля.
Погляд самога кіраўніка Міжнароднай фэдэрацыі хакею на пэрспэктывы турніру ў Менску дзяржаўныя СМІ не прыводзяць.
Раней Рэнэ Фазэль неаднаразова заяўляў, што прыкладзе ўсе намаганьні, каб чэмпіянат сьвету ў хакеі адбыўся, як і плянавалася, у Менску і Рызе. Ён анансаваў, што канчатковае рашэньне будзе агучанае ў канцы студзеня.
Хто супраць чэмпіянату ў Менску?
Раней кіраўніцтва Латвіі заявіла, што не зьбіраецца быць суарганізатарам турніру з краінай, дзе парушаюцца элемэнтраныя правы чалавека, а ў турмах застаюцца больш за паўтары сотні палітзьняволеных.
Сваю пазыцыю супраць правядзеньня чэмпіянату сьвету ў Беларусі выказалі дэпутаты Эўрапарлямэнту і кангрэсмэны ЗША. Адрозна ад боса, крытычна настроены да гульняў з дыктатарам і віцэ-прэзыдэнт Міжнароднай фэдэрацыі хакея Калерва Кумала. У тым ліку зь яго падачы пачатая праверку ў адносінах старшыні Фэдэрацыі хакею Беларусі Дзьмітрыя Баскава пра яго датычнасьць да гібелі мастака Рамана Бандарэнкі.
Акрамя таго, у арганізацыі сумняваюцца ў праўдзівасьці каранавіруснай статыстыкі, якую падаюць у Беларусі. Такую асьцярогу агучыў сябра праўленьня Міжнароднай фэдэрацыі хакею з Чэхіі Пэтар Бжыза.
«Мы пільна сочым за сытуацыяй з каранавірусам у Беларусі, дзе павінна кватараваць група А з удзелам Чэхіі. У нас ёсьць сумненьні ў актуальнасьці прыведзеных фактаў. У запытаных намі справаздачах выяўленыя сур’ёзныя агаворкі, якімі замяшчаецца неадпаведнасьць з нагоды актуальнасьці фактаў пра COVID», — заявіў былы брамнік зборнай.
Пазбавіць Беларусь права правядзеньня турніру заклікаў і Фонд спартовай салідарнасьці, які выступіў супраць фальсыфікацыі вынікаў жнівеньскіх прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсій Лукашэнкі да іншадумцаў.
Тым часам зборная Даніі стала першай нацыянальнай камандай, прадстаўнік якой афіцыйна заявіў, што не прыедзе на чэмпіянат сьвету, калі яго не перанясуць зь Беларусі ў іншую краіну. Пазьней пра магчымасьць байкоту заявілі палітычныя і спартовыя дзеячы яшчэ шэрагу краін.