Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь спыніла дамову на рэгулярныя перавозкі нафтапрадуктаў ў порт Клайпэды. Гэтым Літве пагражаў Лукашэнка


Рэзэрвуары для нафты ў порце Клайпэды
Рэзэрвуары для нафты ў порце Клайпэды

Беларуская нафтавая кампанія не працягнула дамову зь літоўскім чыгуначным перавозьнікам, які перавозіў прадукцыю з Мазырскага НПЗ у Клайпэдзкі порт. Пры гэтым бакі ўзгаднілі пастаўкі на студзень 2021-га, якія цяпер будуць рабіць толькі пры патрэбе.

«Беларуская нафтавая кампанія» (БНК) вырашыла не працягваць дамову зь літоўскай чыгуначнай кампаніяй LTG Cargo, што ўваходзіць у групу Lietuvos gelezinkeliai і перавозіць яе нафтапрадукты ў Клайпэдзкі порт, паведаміла агенцтва «Інтэрфакс-Захад».

Паводле паведамленьня LTG Cargo, 31 сьнежня 2020 году скончыўся тэрмін дзеяння 3-гадовай дамовы паміж ёй і БНК, таму са студзеня беларускія грузы будуць перавозіцца толькі пры патрэбе БНК і без абавязаньняў. LTG Cargo і БНК дамовіліся аб аб’ёмах перавозкі грузаў у Клайпэдзкі порт у першы месяц 2021 году. Па папярэдніх дадзеных, гэта 60-70 тыс. тонаў цёмных нафтапрадуктаў.

Гендырэктар LTG Cargo Эгідыюс Лазаўскас адзначыў, што ў пытаньні перавозкі грузаў адзначаецца вялікая няпэўнасьць на рынку, таму кожны груз для кампаніі зьяўляецца значным. У 2020 годзе LTG Cargo перавезла 2 млн тон грузаў БНК — нафты і нафтапрадуктаў, што склала 3,7% сукупнага гадавога патоку грузаў літоўскай кампаніі.

Нафтапрадукты БНК перавозяцца па чыгунцы з Мазырскага НПЗ у Клайпэду — найбліжэйшы марскі порт.

У сярэдзіне сьнежня даччыная кампанія БНК — BNK (UK) Limited — паведаміла, што часова спыняе экспарт праз тэрмінал Klaipedos nafta па новых дамовах з пакупнікамі. Адгрузка нафтапрадуктаў, прададзеных у рамках заключаных раней угодаў, у Клайпедзе будзе працягвацца. Дзяржаўная кампанія Klaipedos nafta супрацоўнічае з партнэрамі ў Беларусі больш за 10 гадоў.

Аляксандар Лукашэнка раней казаў, што ў якасьці захадаў у адказ на санкцыі балтыйскіх краінаў Беларусь перастане карыстацца іхнымі партамі для перавозкі экспартных грузаў, у асноўным калійных угнаеньняў і нафтапрадуктаў. Асноўны аб’ём іх марскім шляхам праходзіць якраз праз порт Клайпэды. Канцэрн «Белнафтахім» адзначаў, што вядзе перамовы з расейскімі кампаніямі аб магчымасьці і ўмовах перанакіраваньня беларускіх нафтапрадуктаў з у парты Расеі ў аб’ёме да 6 млн тон у год. А гэта амаль увесь аб’ём экспарту беларускіх нафтапрадуктаў марскім шляхам.

Па дадзеных расейскага боку, у паўночна-заходнім клястары Расеі ёсьць вольныя магутнасьці — порт Прыморск, Санкт-Пецярбург, Вусьць-Луга.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG