Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьледзтва ў справах палітвязьняў Кабанава і Пятрухіна завяршылі, чакаюцца суды


Зьняволеныя блогеры Ігар Лосік, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Андрэеў, Сяргей Пятрухін, Уладзімер Няронскі.
Зьняволеныя блогеры Ігар Лосік, Аляксандар Кабанаў, Уладзімер Цыгановіч, Аляксандар Андрэеў, Сяргей Пятрухін, Уладзімер Няронскі.

Падчас дасудовага сьледзтва блогеры знаходзіліся ў СІЗА на вуліцы Валадарскага ў Менску.

Палітвязень Аляксандр Кабанаў напісаў, што яго і Сяргея Пятрухіна пераводзяць у СІЗА ў Берасьце.

Жыхарка Берасьця атрымала ліст ад блогера Аляксандра Кабанава, якім падзялілася з «Брэсцкай газетай». У ім Кабанаў паведамляе, што ягоная крымінальная справа перададзена ў пракуратуру для накіраваньня ў суд.

«А я неўзабаве да вас, у Берасьце. Закрыў справу, яе перадалі ў пракуратуру, і хутка будзе ў „судзе“. А судзіць будуць у Берасьці, і мяне, і Сяргея (Пятрухіна). Так што скора перавязуць у СІЗА Берасьця. І будуць вазіць у „суд“. Так што прыходзьце, калі ласка). І прыводзьце знаёмых. Толькі не зьдзіўляйцеся з нашай справы, у якой няма ніводнага доказу. Адны здагадкі і фантазіі. Ну ўсё, як заўсёды, беларускае „правасудзьдзе“, яно такое, своеасаблівае. Як і сьледзтва», — піша Кабанаў. Ліст датаваны 28 сьнежня 2020 году.

Палітвязень Аляксандар Кабанаў быў затрыманы 15 чэрвеня, калі пайшоў па выкліку ў паліклініку для кантролю па адбыцьці карантыну, і дастаўлены ў ІЧУ Ленінскага раёна Берасьця. Суд пакараў блогера арыштам на 15 дзён. Аднак 20 чэрвеня блогер зьнік з ІЧУ. Ягоны лёс стаў вядомы праваабаронцам толькі 25 чэрвеня, калі ў бацькоў Аляксандра Кабанава адбыўся ператрус, а сам блогер быў пераведзены ў Менскае СІЗА-1.

Аляксандар Кабанаў знаходзіцца ў статусе падазраванага ў крымінальнай справе, заведзенай паводле ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэксу і зьвязанай з падзеямі ў Горадні 29 траўня.

Палітвязень Сяргей Пятрухін — брэсцкі блогер, аўтар ютуб-каналаў «Народны рэпарцёр» і «Youtube-дэпутаты».

16 чэрвеня ён быў затрыманы ў вёсцы пад Пухавічамі, пасьля чаго дастаўлены ў Кобрынскі ІЧУ. 25 чэрвеня Сяргея Пятрухіна даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня Менска.

Стала вядома, што ён затрыманы ў межах крымінальнай справы паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак), зьвязанай з падзеямі ў Горадні 29 траўня.

Хто яшчэ з блогераў знаходзіцца за кратамі


Ад 8 траўня ў зьняволеньні ўтрымліваюць аўтара youtube-каналу «Слуцк для жизни» Ўладзімера Няронскага. Яму выставілі абвінавачаньні па арт. 342 Крымінальнага кодэксу — «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх», арт. 369 «Абраза прадстаўніка ўлады». Ён сядзіць у сьледчай турме № 8 у Жодзіне.

Ігар Лосік у зьняволеньні ад 20 траўня. Аўтар тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» спачатку пачуў абвінавачаньні па артыкуле 342, а 15 сьнежня яму выставілі абвінавачаньне ў ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу — Удзел у масавых беспарадках. На знак пратэсту Лосік пачаў галадоўку, якую трымае па сёньня. Яго ўтрымліваюць у Жодзіне.

Сяргей Ціханоўскі — аўтар Youtube-каналу «Страна для жизни», які зьбіраўся балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах 2020 году, але ягонай ініцыятыўнай групе адмовілі ў рэгістрацыі, калі ён быў у зьняволеньні. Пры гэтым зарэгістравалі групу ягонай жонкі Сьвятланы, блогер стаў кіраўніком гэтай групы.

Ад 29 траўня Сяргей за кратамі. Цяпер яго ўтрымліваюць у Жодзіне па падазрэньні ў парушэньні артыкулаў 342 (Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх) і 191 Крымінальнага (Перашкода ажыцьцяўленьню выбарчых правоў) Крымінальнага кодэксу. Беларускія праваабаронцы прызналі Ціханоўскага палітычным зьняволеным.

Ціханоўскі прысутнічаў на сустрэчы з Лукашэнкам у СІЗА КДБ у кастрычніку. Па словах іншых яе ўдзельнікаў, быў адзіным, хто зьвяртаўся да Лукашэнкі на «ты». У той жа дзень Ціханоўскаму дазволілі пазваніць жонцы Сьвятлане; падчас размовы ён параіў ёй быць больш жорсткай у супрацьстаяньні з уладамі.

Ад 9 чэрвеня ў зьняволеньні Ўладзімер Цыгановіч, аўтар youtube-каналу MozgON. Ён падазраваны па артыкуле 342, утрымліваецца ў СІЗА-1 Менску.

На наступны дзень пасьля Цыгановіча затрымалі і зьмясьцілі пад арышт Зьмітра Казлова з Барані, які вядзе youtube-канал «Шэры кот». Яго таксама вінавацяць па артыкуле 342.

Ён стаў блогерам яшчэ ў 2017 годзе, а ў 2019 актыўна асьвятляў пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. 15 сьнежня Казлову выставілі новае абвінавачаньне — у падрыхтоўцы масавых беспарадкаў (ч. 2 арт. 293 КК). Максымальнае пакараньне паводле гэтага артыкулу — 8 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG