Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Блогеру Пятрухіну прад’явілі абвінавачаньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу


Сяргей Пятрухін, архіўнае фота
Сяргей Пятрухін, архіўнае фота

Праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што берасьцейскаму блогеру Сяргею Пятрухіну прад’явілі абвінавачаньне па трох артыкулах Крымінальнага кодэксу. Пагражае да 3 гадоў пазбаўленьня волі.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Як праходзіць прэзыдэнцкая кампанія падчас пандэміі

Паводле «Вясны», блогеру прадʼявілі абвінавачаньне па:

  • ч. 1 арт. 342 КК «Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак»,
  • арт. 369 КК — «Публічная абраза прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем ім службовых абавязкаў»,
  • арт. 391 КК — «Абраза судзьдзі ці народнага засядацеля ў сувязі з ажыцьцяўленьнем імі правасудзьдзя».

Паводле папярэдняй інфармацыі, артыкулы за абразы судзьдзі і прадстаўніка ўлады тычацца падзеяў двухгадовай даўнасьці.

Свабода папрасіла Сьледчы камітэт пацьвердзіць гэтую інфармацыю. Прадстаўніца ведамства Юлія Ганчарова паабяцала ўдакладніць і паведаміць цягам дня.

Сяргея Пятрухіна затрымалі 16 чэрвеня і адправілі адбываць прысуджаны раней 15-суткавы арышт. Пазьней высьветлілася, што Пятрухін стаў фігурантам крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, якую завялі пасьля інцыдэнту ў Горадні 29 траўня, калі затрымалі блогера Сяргея Ціханоўскага і ягоных прыхільнікаў.

25 чэрвеня Пятрухіна даставілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня ў Менску, а адтуль перавялі ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага, дзе ён застаецца дагэтуль.

Праваабарончая супольнасьць Беларусі прызнала Сяргея Пятрухіна, як і іншых затрыманых блогераў, палітычным зьняволеным.

Сяргея Пятрухіна ўжо былі асудзілі па крымінальнай справе ў красавіку 2019 году за паклёп і абразу (ч. 2 арт. 188 і ч. 2 арт. 189 КК) і прысудзілі яму вялікі штраф. Праваабаронцы прызналі тую справу палітычна матываванай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG