Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Перадачы для „нашых“». Рэпартаж з-пад сьценаў ізалятараў у Баранавічах


У баранавіцкае СІЗА №6 з кастрычніка сталі перавозіць затрыманых на менскіх маршах — тых, каму ўжо не хапала месца на Акрэсьціна і ў Жодзіна. Архіўнае фота ПЦ «Вясна»
У баранавіцкае СІЗА №6 з кастрычніка сталі перавозіць затрыманых на менскіх маршах — тых, каму ўжо не хапала месца на Акрэсьціна і ў Жодзіна. Архіўнае фота ПЦ «Вясна»

На пачатку новага году карэспандэнт Свабоды правёў некалькі гадзін пад сьценамі ізалятараў у Баранавічах (Берасьцейская вобласьць), адкуль выходзілі апошнія асуджаныя па адміністрацыйных артыкулах за акцыі пратэсту. Вось, што мы пабачылі і пачулі.

«Гэтыя пакуты патрэбныя беларусам, каб аб’яднацца»

Сярэдзіна тыдня. На пустой паркоўцы каля СІЗА № 6 у Баранавічах размаўляем з Раісай Мікалаеўнай, пэдагогам на пэнсіі. Сёньня раніцай яна прыехала даведацца пра перадачы палітвязьням.

«Хачу вывучыць увесь працэс, — кажа яна. — Мы павінны дапамагаць усім, чым можам. У Баранавічах, вядома, людзі больш баяцца выходзіць на акцыі — цяжэй працаўладкавацца ў выпадку звальненьня, моладзь менш ініцыятыўная».

Разам з дачкой, якая жыве ў Менску, Раіса Мікалаеўна неаднаразова ўдзельнічала ў маршах. Была на пратэсьце пэнсіянэраў, заклікала сваіх сяброў выходзіць з дзяржаўных прафсаюзаў.

«Я цудоўна памятаю свае пачуцьці на першай акцыі пратэсту. Адразу было неяк няёмка — у нас жа не было такога вопыту, — прызнаецца яна. — Але з кожным разам ужо лепш уяўляеш, што будзе».

На пытаньне, ці не баіцца яна затрыманьняў або штрафаў, адказвае, што «гэтыя пакуты патрэбныя беларусам, каб мы яшчэ мацней абʼядналіся» і «калі ёсьць барацьба, павінны быць і наступствы».

Ланцуг салідарнасьці мэдкаў у Баранавічах 12 жніўня
Ланцуг салідарнасьці мэдкаў у Баранавічах 12 жніўня

«Вось цяпер пайду на пошту, куплю канвэрты і буду пісаць лісты. У першую чаргу Мікалаю Дзядку. Ён, несумненна, герой, чалавек які зрабіў вельмі шмат для нашай свабоды. Яшчэ пляную напісаць людзям, гісторыі якіх не атрымалі вялікай агалоскі. Мы ж таксама пра іх памятаем».

«Ой, яшчэ некалькі месяцаў таму тут столькі народу было»

У нашу размову ўмешваецца незнаёмая жанчына.

«Прабачце, а перадачы ўжо не прымаюць?» — у руках яна трымае невялікі пакет.

«Прымаюць да чатырох», — адказваем мы.

Каля СІЗА №6 у Баранавічах
Каля СІЗА №6 у Баранавічах

«А куды трэба зайсьці? Я б хацела аддаць каму-небудзь „з нашых“, — кажа яна. — Раней я зь сяброўкай вазіла перадачы і аддавала валянтэрам. А сёньня тут зусім нікога няма, а ў мяне вольны толькі абедзенны перапынак. Можа быць перадасьце? Тут больш для дамы: пракладкі, гарбата, сурвэткі, сухафрукты, зубныя шчоткі, шкарпэткі цёплыя, часнык..».

«Возьмем, не хвалюйцеся», — адказвае Раіса Мікалаеўна.

Праз некаторы час ідзем у кірунку паказальніка на плоце з надпісам «Перадачы». У невялікім памяшканьні ўжо сядзелі некалькі чалавек, каб перадаць пакеты з рэчамі арыштаваным.

«Вашым, мне падаецца, да 5 кг», — падказвае нам бабуля ў хустцы, якая прынесла прадукты харчаваньня свайму ўнуку.

«Ой, яшчэ некалькі месяцаў таму тут столькі народу было, пасьля ўсіх гэтых падзей. Чэргі стаялі вялізныя», — дадае нехта, хто чакае, каб падысьці да акенца.

У надзеі знайсьці прозьвішча, каму можна было б аддаць перадачу, Раіса Мікалаеўна вывучае сьпісы на сьцяне. Як аказалася, дадзеныя былі ўжо састарэлыя.

«Слухаю вас», — гучна зьвяртаецца да нас з акенца жанчына ў форме.

«Мы б хацелі перадаць невялікі пакет... Алене Маўшук», — Раіса Мікалаеўна называе імя адной з палітзьняволеных.

«А вы хто, валянтэры? Калі не сваякі і блізкія, трэба заяву пісаць на імя начальніка. Вы ж ёй ніхто. Напішыце Маўшук ліст, каб яна змагла назваць ваша прозьвішча, калі яе спытаюць», — кажа супрацоўніца ізалятара.


«А мы ж і за вас выходзім!»

Каля ізалятара часовага ўтрыманьня пры баранавіцкім гарадзкім аддзеле міліцыі да нас адразу падышоў валянтэр, неўзабаве — яшчэ двое.

«Ну што, апошні застаўся? Зараз забярэм і па хатах», — з радасьцю кажа адзін з іх.

22-гадовага Алега Філіпава, апошняга вызваленага ў Баранавічах па адміністрацыйнай справе пасьля пратэстаў, на прахадной ужо чакае мама Ларыса. Яна прыехала зь Берасьця і ўвесь час глядзіць на гадзіньнік.

«Ён ня ведае, што я прыехала. Цяпер яго нікуды не адпушчу, няхай са мной усюды ходзіць», — жартуе жанчына.

За 23 дні яна атрымала ад сына два лісты. «Ён там пару словаў напісаў „мама не хвалюйся, усё будзе добра“. За працу турбуецца. Спадзяюся, яго ня звольняць», — кажа яна.

Камэра ІЧУ ў Баранавічах на малюнку былой выкладчыцы катэдры італьянскай мовы МДЛУ Натальлі Дулінай, якая правяла там 14 сутак арышту
Камэра ІЧУ ў Баранавічах на малюнку былой выкладчыцы катэдры італьянскай мовы МДЛУ Натальлі Дулінай, якая правяла там 14 сутак арышту

Жанчына прыгадвае, як сын патэлефанаваў ёй са словамі «Мама, я ў РУУС».

«Гэта быў шок, невядомасьць. Потым ужо мы даведаліся, колькі содняў, дзе ён, хто судзіў. Адразу быў на Акрэсьціна, потым Баранавіцкае СІЗА, ІЧУ», — з хваляваньнем у голасе кажа Ларыса Філіпава.

Нечакана ў памяшканьне заходзіць жанчына і накіроўваецца да акенца аховы: «Падкажыце, Баранавіцкае ІЧУ — гэта тут?»

Ахоўніца ёй ківае ў адказ.

«Павінны выпусьціць хлопца ў 14.30, прозьвішча не памятаю. Я яго з мамай забіраю на машыне», — кажа жанчына.
«Значыць мы з вамі!» — радасна адказвае Ларыса.

«Выдатна. Тады глядзіце. Ён павінен зараз паехаць у Менск, там аплаціць харчаваньне, забраць рэчы і ўзяць даведку аб вызваленьні, — аўтаматам прамаўляе яна. Забылася раздрукаваць яму дзьве паперы аб апэляцыі. Трэба ж аспрэчваць затрыманьне. Я сваё аспрэчыла ў гарадзкім судзе», — з гонарам кажа жанчына, якая прыехала за Алегам.

Яна расказвае, як 19 гадоў не хадзіла на выбары, палітыкай не цікавілася. Ну і вось маўляў у што вылілася «наша ігнараваньне».

«Мяне на таксі ў Сьледчы камітэт мужчына нядаўна вёз — 38 гадоў. У інтэрнаце жыве. І гэта, на яго думку, нармальна. І я ў яго пытаюся, і ты „топіш“ за гэтую ўладу?»

«У мяне знаёмаму 60 гадоў, і ён жыве ў інтэрнаце», — нечакана ўступае ў размову ахоўніца, якая на працягу ўсяго часу, аказваецца, слухала ўсе гутаркі.

«Ну, вось, яшчэ адно пацьверджаньне — вось гэта нармальна? — пытаецца жанчына-кіроўца. — І вось вы нас бʼяце і саджаеце сюды! А мы ж і за вас выходзім!». Гэта яна ўжо зьвяртаецца да міліцыянта, які стаяў побач.

«Вунь, ідзе з торбамі мой хлопчык», — перапыняе размову Ларыса Філіпава.

Момант сустрэчы Ларысы Філіпавай з сынам Алегам
Момант сустрэчы Ларысы Філіпавай з сынам Алегам

Яна абдымае сына са сьлязьмі на вачах. «Толькі, бачу, алергія ў цябе».

Ахоўніца расплываецца ва ўсьмешцы.

«У мяне ўсё было нармальна. У СІЗА, вядома, крыху горш, але настрой роўны, ніякай панікі», — распавядае пра ўмовы Алег па дарозе да машыны.

«Пачакайце, квітанцыю на аплату вам выдалі? Ня страцьце яе, — нагадвае мужчына-валянтэр. — А даведка аб вызваленьні? Ну ўсё-усё, больш не перашкаджаю...»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG