Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Індыя ўхваліла для выкарыстаньня неапрабаваную мясцовую вакцыну ад COVID-19


Улады Індыі ўхвалілі для тэрміновага абмежаванага выкарыстаньня вакцыну ад каранавіруснай інфэкцыі новага тыпу, трэцяя фаза выпрабаваньняў якой яшчэ ня скончаная

Прэпарат «Каваксін» індыйскай фармацэўтычнай кампаніі Bharat Biotech дзейнічае паводле клясычнай схемы інактіваваных вакцынаў, дастаўляючы ў арганізм фрагмэнты «забітага» каранавірусу, каб выклікаць імунную рэакцыю. Вакцына прайшла дзьве стадыі выпрабаваньняў, напярэдадні вытворца даў справаздачу аб тым, што працягвае набор добраахвотнікаў для трэцяй стадыі.

Прэпарат уводзіцца ў арганізм двойчы. Ці атрымалі добраахвотнікі, якія ўдзельнічаюць у трэцяй стадыі, другую дозу — невядома. Пра яго эфэктыўнасьць не паведамлялася. Аб’яднаньне індыйскіх некамэрцыйных арганізацыяў у галіне аховы здароўя AIDAN заклікала рэгулятара адклікаць дазвол на выкарыстаньне «Каваксіна».

Другая вакцына, ухваленая для індыйскага рынку — прэпарат, распрацаваны ўнівэрсытэтам Оксфарду сумесна з фармацэўтычным гігантам Astrazeneca. Індыя стала другой краінай у сьвеце пасьля Вялікай Брытаніі, якая ўхваліла гэтую вакцыну. Падчас клінічных выпрабаваньняў вакцына паказала эфэктыўнасьць у 70%, пазьней у кампаніі заявілі, што палепшылі гэты паказчык.

Індыя — патэнцыйна адзін з найбуйнейшых сусьветных рынкаў для вакцыны ад COVID-19. Насельніцтва краіны — 1 мільярд 380 мільёнаў чалавек. Яна займае другое месца ў сьвеце па колькасьці выяўленых выпадкаў захворваньня, вядома пра 10 мільёнаў 300 тысячаў інфікаваных.

Да лютага мясцовы вытворца брытанскай вакцыны мае намер выпускаць 100 мільёнаў дозаў прэпарату ў месяц. Пры гэтым пакуль незразумела, колькі зь іх і да якога тэрміну плянуе атрымаць індыйскі ўрад, адзначае The New York Times.

Па стане на раніцу 3 студзеня каранавірусам у сьвеце захварэлі з пачатку пандэміі 84,6 мільёны чалавек, сьведчаць дадзеныя Ўнівэрсытэту Джонса Гопкінса. Як мінімум 1 мільён 800 тысяч памерлі. Гэтыя дадзеныя абапіраюцца на афіцыйныя зьвесткі нацыянальных урадаў, якія часта хаваюць або скажаюць статыстыку па захворваньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG