Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітвязень Ігар Лосік галадае дваццаты дзень. Ён прыслаў з турмы свой партрэт, намаляваны сукамэрнікам


Ігар Лосік. Архіўнае фота.
Ігар Лосік. Архіўнае фота.

Перад самым Новым годам у Жодзінскім СІЗА палітвязьня, адміністратара тэлеграм-каналу «Беларусь головного мозга» Ігара Лосіка наведаў адвакат. Пра гэта Свабодзе паведаміла ягоная жонка Дар’я.

«Адвакат кажа, што ён адчуваў сябе нядрэнна, у яго бралі аналіз крыві і ўзважвалі, праўда, вынікаў пакуль няма. Адчувае сябя няблага, п’е ваду і гарбату, ужывае і нормагідрон для аднаўленьня ўзроўню соляў у арганізме. Голаду не ачувае. Галадоўку пратэсту сканчаць пакуль не зьбіраецца», — расказала Дар’я Лосік.

Ігар Лосік перадаў праз адкавата, што ўвесь час трымае перад сабою фота жонкі Дар'і і дачкі Паўлінкі, гэта яму маральна дапамагае. Перадаваў віншаваньні з Новым годам сябрам і калегам; ён спадзяецца на перамогу свайго пратэсту, што зь яго здымуць усе фальшывыя абвінавачваньні.

Са слоў адваката, выглядае Ігар вонкава няблага, ніякіх зьменаў у арганізьме ня выяўлена. 3 студзеня ідзе ўжо 20-ы дзень ягонай галадоўкі.

Лісты ад Ігара сям’і былі 28 і 29 сьнежня. У іх ён прыслаў калядную паштоўку і ўласны партрэт, зроблены сукамэрнікам.

Партрэт Ігара Лосіка, нарысавны ягоным сукамернікам пасьля двух тыдняў галадоўкі пратэсту. Жодзінскае СІЗА.
Партрэт Ігара Лосіка, нарысавны ягоным сукамернікам пасьля двух тыдняў галадоўкі пратэсту. Жодзінскае СІЗА.

Дар’я з дачкой Паўлінкай сустракалі Новы год у яе бацькоў. Дзяўчынка атрымала шмат падарункаў, у тым ліку ад незнаёмых людзей з розных куткоў Беларусі — усе стараліся зрабіць, каб яна адчула сьвята, хоць і бяз бацькі.

25 чэрвеня ў Баранавічах, дзе жыве Ігар Лосік зь сям’ёй, прайшоў ператрус, пасьля якога яго затрымалі. У дачыненьні да блогера завялі крымінальную справу паводле арт. 342 Крымінальнага кодэксу.

Пасьля ізалятару часовага ўтрыманьня яго перавялі ў СІЗА № 1 Менска. Затым Ігара Лосіка адвезьлі ў СІЗА Жодзіна.

15 сьнежня яму прад’явілі новае абвінавачваньне паводле п. 13 ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — падрыхтоўка да ўдзелу ў масавых беспарадках. На знак пратэсту ён абвясьціў бестэрміновую галадоўку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG