Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэскія палітыкі зьвярнуліся з адкрытым лістом да беларускіх уладаў у справе Ігара Лосіка


Эўрадэпутатка Маркета Грэгарава з плякатам
Эўрадэпутатка Маркета Грэгарава з плякатам

Яны таксама распаўсюдзілі «Калядны заклік-2020» да чэскай грамадзкасьці аб падтрымцы палітвязьня Ігара Лосіка, які 15 сьнежня абвясьціў галадоўку пратэсту.

Якраз сёньня, 25 сьнежня меў скончыцца шасьцімесячны тэрмін папярэдняга знаходжаньня Лосіка пад сьледзтвам. Замест вызваленьня ён дачакаўся новых надуманых абвінавачаньняў, супраць чаго і пратэстуе.

«Блогер Ігар Лосік застаецца ў зьняволеньні і ізаляцыі за злачынства, якога ён не ўчыняў, — сказана ў лісьце, накіраваным на адрас беларускага МЗС. — Ніхто не заслугоўвае быць несправядліва зьняволеным, адарваным ад сваіх дзяцей, жонак, мужоў на такі доўгі час. Мы спадзяёмся, што гэты сьвяточна-сардэчны час запаліць іскру сумленьня, якое, мы ўпэўненыя, яшчэ існуе, і дазволіць перагледзець абгрунтаванасьць выстаўленых яму абвінавачаньняў, нягледзячы на іх відавочную бяздоказнасьць. Рашэньне абвясьціць галадоўку ёсьць надзвычайным заклікам аб дапамозе: вызваліце яго пакуль ня позна».

Зварот падпісалі эўрадэпутаты ад Чэхіі Маркета Грэгарава і Мікулаш Пэкса, дэпутат чэскага парлямэнту Францішак Копржыва (усе — Пірацкая партыя), а таксама колішняя сакратарка «Хартыі-77» і чэская амбудсмэнка Анна Шабатава. Аўтары таксама зьвяртаюць увагу на падобны лёс іншых несправядліва зьняволеных беларусаў і заклікаюць улады вярнуць іх у сем’і.

Палітыкі прапануюць чэскай грамадзкасьці пісаць допісы беларускім палітвязьням. Для тых, каго могуць стрымаць цяжкасьці з мовай ці пошукам дакладнага адрасу, яны прапануюць перасылаць свае допісы на спэцыяльна створаны электронны адрас Пірацкай партыі. У Фэйсбуку навіны акцыі публікуюцца пад хэштэгам #vánočnívýzva2020 (Калядны заклік 2020).

Раней мы паведамлялі, што Анна Шабатава ўзяла «шэфства» над Ігарам Лосікам. Эўрадэпутатка Маркета Грэгарава «адаптавала» зьняволеную беларускую студэнтку Касю Будзько, сяброўку Задзіночаньня беларускіх студэнтаў, і абяцае максымальна клапаціцца яе лёсам. Вось як палітык пракамэнтавала свой выбар: «У маёй краіне студэнты 31 год таму дапамаглі таму, каб мы жылі жыцьцём, якое цяпер маем. Кася Будзько, іншыя студэнты і беларусы імкнуцца зрабіць тое самае дзеля сваёй краіны і будучыні. Цалкам іх падтрымліваю і заклікаю беларускія ўлады Касю і іншых затрыманых неадкладна вызваліць».

З вуснаў чэшкі Маркеты Грэгаравай у Эўрапарлямэнце гучаць яркія звароты ў падтрымку беларусаў:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG