Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сытуацыя ў Беларусі будзе ў цэнтры ўвагі швэдзкага старшынства АБСЭ


Сьвятлана Ціханоўская і кіраўніца МЗС Швэцыі Ан Ліндэ. Стакгольм. 17 лістапада.
Сьвятлана Ціханоўская і кіраўніца МЗС Швэцыі Ан Ліндэ. Стакгольм. 17 лістапада.

Сытуацыя ў Беларусі будзе на парадку дня швэдзкага старшынства ў АБСЭ, якое пачалося ў першы дзень новага году, заявіла кіраўнік МЗС краіны Ан Ліндэ.

«Прыярытэтнымі пытаньнямі падчас старшынства Швэцыі будуць зацяжныя канфлікты ў рэгіёне, абарона эўрапейскай сыстэмы бясьпекі і засяроджваньне ўвагі на дэмакратыі, вяршэнстве закону, правах чалавека і гендэрнай роўнасьці як часткі працы па ўсталяваньні міру і бясьпекі. Гэта канфлікты і крызісы, якія працягваюцца ў рэгіёне АБСЭ, а таксама сытуацыя, якую мы назіраем у Беларусі, Украіне і вакол яе, рост напружанасьці вакол Нагорнага Карабаху патрабуюць нашай агульнай увагі. Гэта, вядома, будзе на парадку дня з пачатку году», — падкрэсьліла Ліндэ на сваёй старонцы ў Твітэры.

Паводле яе слоў, дзясяткі тысяч дэманстрантаў у Беларусі выступаюць за гарантаваньне іх правоў, і Швэцыя заўсёды падтрымлівае людзей, якія патрабуюць дэмакратыі.

Старшынства ў АБСЭ перайшло да Швэцыі ад Альбаніі. Праз некалькі дзён пасьля прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі дзейны на той момант старшыня АБСЭ прэм’ер-міністар Альбаніі Эды Рама накіраваў беларускім уладам ліст з просьбай арганізаваць візыт для яго і будучага старшыні арганізацыі Ан Ліндэ для сустрэчы з прадстаўнікамі ўраду і апазыцыі. Ён падкрэсьліў, што адкрыты і канструктыўны дыялёг неабходны для таго, каб Беларусь магла рухацца далей, і АБСЭ гатова аказаць гэтаму садзейнічаньне.

Беларускія ўлады не далі згоды на візыт і адкінулі неаднаразовыя прапановы аб пасярэдніцтве АБСЭ для выхаду з палітычнага крызісу.

Ан Ліндэ ня раз жорстка выказвалася ў адрас афіцыйнага Менску. У сярэдзіне лістапада яна сустрэлася з экс-кандыдаткай у прэзыдэнты Беларусі Сьвятланай Ціханоўскай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG