Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хаджу да яго штодня». Надзея Знак пра зьняволеньне свайго мужа Максіма Знака


Адвакат Максім Знак, ліпень 2020 году
Адвакат Максім Знак, ліпень 2020 году

З асноўнага складу Каардынацыйнай рады 4 чалавекі застаюцца за кратамі. Яшчэ 18 адбылі «суткі».

Адвакат Максім Знак за кратамі ўжо 112 дзён.

Ад траўня 2020 году ён працаваў у выбарчым штабе Віктара Бабарыкі. Затым далучыўся да каманды аб’яднанага штабу. У жніўні ўвайшоў у прэзыдыюм Каардынацыйнай рады. Ягоная жонка Надзея расказала Свабодзе, як цяпер справы ў мужа.

«Трэба стварыць яму спэцыяльныя ўмовы, якіх нават рэцыдывістам і забойцам не даюць»

«Лісты да Максіма даходзяць са складанасьцямі, — кажа Надзея Знак. — Гэта такая рэч сама ў сабе. Незразумела, чаму яны ходзяць дрэнна. Віншавальныя паштоўкі ў тым ліку. Мы з сынам свае паштоўкі дасылалі на пачатку сьнежня. Але яны яшчэ ня ўручаныя. Максім нядрэнна сябе адчувае. Здаровы, бадзёры, наколькі гэта магчыма. Як ёсьць, усё добра. Перадачы робім, сустрэчы адбываюцца з адвакатам. Ня так дрэнна, як магло б быць. Мабыць, мы ня ведаем яшчэ, як можа быць па-іншаму дрэнна».

Надзея, якая таксама працуе адвакаткай, прадстаўляе інтарэсы свайго мужа. Таму мае законную магчымасьць наведваць яго ў СІЗА. Яна кажа, што ад пачатку зьняволеньня Максіма хадзіла да мужа кожны дзень. Перашкодаў для сустрэч адміністрацыя ня чыніць. Звычайна яны працягваюцца 1–2 гадзіны.

«Умовы для спатканьня з адвакатам у Максіма асаблівыя, — кажа Надзея. — Вельмі нязручныя. Кабінэт з глухімі дзьвярыма, ніякай магчымасьці паглядзець дакумэнты, нешта там напісаць і гэтак далей. Такіх кабінэтаў у СІЗА адзін ці два. Яны выдаюцца наўмысна для Максіма і яшчэ некалькіх арыштаваных. Мабыць, розум Максіма, ягоны падыход, цяга да праўды — гэта самае страшнае, што можа быць у сучаснай Беларусі. Таму трэба стварыць яму спэцыяльныя ўмовы, якіх нават рэцыдывістам і забойцам не даюць. Гэта асабістае ўказаньне кіраўніцтва гэтага месца».

«Камэра малая, у сутарэньні, высокая вільготнасьць»

18 верасьня на знак пратэсту супраць несправядлівага абвінавачаньня і ўтрыманьня пад вартай Максім абвясьціў галадоўку, зь якой выйшаў празь дзесяць дзён. Па словах жонкі Надзеі, цяпер у мужа праблемаў са здароўем няма.

«Пачуваецца Максім нядрэнна, — кажа Надзея. — Ведаю, што ў СІЗА нехта хварэе на каранавірус, але ў ягонай, як той казаў, „хаце“ каранавірусу няма. Максім п’е вітаміны. Стараемся перадаваць нейкія харчовыя дабаўкі, каб падтрымліваць імунітэт. У камэры пяць вязьняў. Максім не расказваў дакладна, хто яны. Камэра малая, у сутарэньні. Там высокая вельмі вільготнасьць, камэра дрэнная. І з гэтым нічога пакуль не атрымліваецца вырашыць».

21 сьнежня Генпракуратура заявіла, што ў дачыненьні да Максіма Знака, Сьвятланы Ціханоўскай, Марыі Калесьнікавай і іншых асобаў завялі крымінальную справу аб стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і кіраваньня ім. Першапачаткова Максіма Знака абвінавачвалі паводле артыкула 361 (заклікі да дзеяньняў, скіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы).

На гэты момант, акрамя Максіма Знака, за кратамі яшчэ трое сяброў асноўнага складу Каардынацыйнай рады — Марыя Калесьнікава, Алана Гебрэмарыям і Ксенія Луцкіна. Апошнюю затрымалі ў справе «Прэс-клюбу». Яшчэ 18 сяброў КР пасьля выбараў 9 жніўня адбылі адміністрацыйны арышт. Пра гэта паведаміў прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG