Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Расеі пад пагрозай зьняволеньня тэрмінова выклікаюць Навальнага ў Маскву


Расейски апазыцыянэр Аляксей Навальны.
Расейски апазыцыянэр Аляксей Навальны.

Фэдэральная служба выкананьня пакараньняў запатрабавала ад апазыцыянэра Аляксея Навальнага зьявіцца ў аўторак, 29 сьнежня, а 9 гадзіне ў філіял ведамства ў Маскве для рэгістрацыі

У адваротным выпадку яму можа пагражаць замена ўмоўнага тэрміну ў крымінальнай справе, у якой ён быў асуджаны, на рэальны.

Пра гэта паведаміў адвакат Навальнага Вадзім Кобзеў. Навальны цяпер знаходзіцца ў Нямеччыне, дзе праходзіць рэабілітацыю пасьля атручэньня.

Ведамства ў паведамленьні аб выкліку Навальнага на сваім сайце спасылаецца на публікацыю ў мэдыцынскім часопісе Lancet ад 22 сьнежня аб ходзе лячэньня палітыка ў Нямеччыне пасьля атручэньня ў жніўні.

«Зыходзячы з публікацыі, Навальны А.А. быў выпісаны з клінікі „Шарытэ“ 20 верасьня 2020 г., а да 12 кастрычніка ў яго прайшлі ўсе наступствы яго хваробы. Такім чынам, умоўна асуджаны не выконвае ўскладзеных на яго судом абавязкаў і ўхіляецца ад кантролю крымінальна-выканаўчай інспэкцыі», — гаворыцца на сайце ФСВП. Там жа зьмяшчаецца пагроза ў выпадку «пацьвярджэньня факту ўхіленьня ўмоўна асуджанага ад кантролю крымінальна-выканаўчай інспэкцыі» прыняць меры — артыкул, на які спасылаецца ФСВП, прадугледжвае ў тым ліку зварот у суд з хадайніцтвам замяніць умоўны тэрмін на рэальны.

Пры гэтым 30 сьнежня ў Навальнага мінае выпрабавальны тэрмін. Аднак, калі ФСВП сапраўды выступіць з хадайніцтвам і суд зь ім пагодзіцца, Навальнаму пагражае пазбаўленьне волі на ўвесь тэрмін, на які ён быў асуджаны.

У так званай справе «Іў Рашэ» Навальны 30 сьнежня 2014 году быў асуджаны на 3,5 года пазбаўленьня волі ўмоўна паводле артыкулу аб махлярстве. Сам ён не прызнаў сябе вінаватым, называючы справу палітычна матываванай.

Навальны абвінавачвае ў сваім атручэньні расейскія ўлады, а яго канкрэтнымі выканаўцамі называе супрацоўнікаў ФСБ. Нядаўна было апублікаванае расьсьледаваньне, у якім называюцца меркаваныя імёны тых, хто мае дачыненьне да злачынства. Расея адмаўляе факт атручэньня, патрабуючы ад Нямеччыны перадаць ёй аналізы Навальнага і мэдычныя дакумэнты. Навальны піша, што цяпер уся патрэбная інфармацыя апублікаваная і даступная ўсім.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG