У размове з Аляксеем Навальным чалавек, ідэнтыфікаваны як супрацоўнік ФСБ Канстанцін Кудраўцаў, растлумачыў, што палітык памёр бы, калі б не апэратыўная пасадка ў Омску і ня ўведзены яму лекарамі хуткай дапамогі атрапін.
У публікацыі The Insider гаворыцца, што за некалькі гадзін да выхаду расьсьледаваньня Bellingcat і групы іншых мэдыя аб атручэньні апазыцыянэра Навальны зрабіў некалькі званкоў чальцам групы, верагодна датычным да атручваньня, у тым ліку Кудраўцаву. Як сьцьвярджаецца, апазыцыянэр тэлефанаваў праз адмысловую праграму, таму Кудраўцаў меркаваў, што яму тэлефануюць з працоўнага тэлефона. Як сьцьвярджаецца, гэты нумар таксама выкарыстоўваўся супрацоўнікамі ФСБ у якасьці камутатара для сувязі з высокапастаўленымі афіцэрамі.