Сярод аўтараў артыкула — спэцыялісты бэрлінскай клінікі «Шарытэ», куды праз два дні пасьля атручэньня ў Расеі быў дастаўлены Навальны. Артыкул называецца «Атручэньне нэрвова-паралітычным рэчывам „Новичок“». Адзначаецца, што гэта першы ў гісторыі навуковы артыкул аб тэрапіі атручэньня «Навічком» — пра лячэньне Скрыпалёў і іншых атручаных у Брытаніі такіх публікацый не было.
Навальны ў артыкуле не называецца па імені, аднак відавочна, што гаворка ідзе менавіта пра яго. Апісваюцца сымптомы, якія ён меў у самалёце з Томску ў Маскву, а таксама коратка апісаная тэрапія ў Омску, дзе ён знаходзіўся першыя двое сутак пасьля атручэньня. Адзначаецца, што ў момант, калі Навальнага ўпершыню абсьледаваў нямецкі лекар (праз 31 гадзіну пасьля атручэньня), пацыент быў на штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, адзіным лекам, які яму тады ўводзіўся, быў прапафол (сэдатыўны сродак). Да моманту пераезду ў Нямеччыну (праз 47 гадзін пасьля атручэньня) яго стан крыху палепшыўся, аднак ён па-ранейшаму быў у глыбокай коме.
У клініцы «Шарытэ» на падставе аналізаў было выяўлена, што Навальны зазнаў узьдзеяньне інгібітару холінэстэразы, пасьля чаго была пачата тэрапія, у прыватнасьці з выкарыстаньнем атрапіну і абідаксіму. Другі прэпарат, сродак для рэактывацыі холінэстэразы, аднак, не падзейнічаў. Гэта паказвае на тое, што Аляксей Навальны быў атручаны моцнадзейнай фосфарарганічнай атрутай, якая блякуе холінэстэразу незваротным чынам.
На пяты дзень у Навальнага паднялася тэмпэратура, якая была падвышаная 10 дзён. Дыхаць самастойна ён пачаў на 12-ы дзень пасьля атручэньня, а цалкам ад ШВЛ быў адключаны на 24-ы дзень. Праз 2 месяцы пасьля атручэньня было канстатавана практычна поўнае аднаўленьне з пункту гледжаньня нэўралёгіі і нэўрапсыхалёгіі.
Нямецкія лекары адзначаюць, што вынік хваробы быў «вельмі спрыяльны». На іх думку, бадай што вырашальнае значэньне мелі захады, праведзеныя ў першыя гадзіны пасьля атручэньня, — інтубацыя і штучная вэнтыляцыя лёгкіх.
Адзначаецца, што ў арганізьме Навальнага пасьля прыбыцьця ў «Шарытэ» знайшлі сьляды атрапіну — яны паказваюць, што гэтае проціядзьдзе ўводзілася яшчэ ў Расеі. Аднак невядома, калі і ў якім аб’ёме.
У тэлефоннай размове з Навальным меркаваны супрацоўнік ФСБ Канстанцін Кудраўцаў казаў, што ўведзены Навальнаму супрацоўнікамі хуткай дапамогі ў Омску атрапін, магчыма, уратаваў яму жыцьцё.
Таксама ў артыкуле гаворыцца, што Навальнаму дапамог ачуняць і добры стан яго здароўя да атручэньня — што супярэчыць словам расейскіх чыноўнікаў аб тым, што ў яго нібыта быў панкрэатыт і іншыя хваробы.
«І як жа цікава, ні пра дыябэт, ні пра панкрэатыт гэтыя 14 нямецкіх прафэсараў ня пішуць. Не знайшлі ў мяне нічога такога», — пракамэнтаваў артыкул сам Навальны.
У артыкуле няма прамой крытыкі омскіх лекараў, якія лячылі Навальнага, аднак у ім можна ўбачыць зьдзіўленьне адносна таго, чаму ў Омску ня быў пастаўлены дыягназ інгібаваньня холінэстэразы. Адзначаецца, што тэсты на атручэньне арганафасфатамі шырока ўжываюцца ў клінічнай практыцы. Між тым у Расеі афіцыйна Навальнаму ня быў пастаўлены дыягназ атручэньня. Лекары казалі аб парушэньні абмену рэчываў, якое наступіла зь невядомай прычыны.
Навальны абвінавачвае ў сваім атручваньні расейскія ўлады, а яго канкрэтнымі выканаўцамі называе супрацоўнікаў ФСБ. Нядаўна было апублікаванае расьсьледаваньне, у якім называюцца меркаваныя імёны тых, хто мае дачыненьне да злачынства. Расея адмаўляе факт атручваньня, патрабуючы ад Нямеччыны перадаць ёй аналізы Навальнага і мэдычныя дакумэнты. Навальны піша, што цяпер уся патрэбная інфармацыя апублікаваная і даступная ўсім.