Лінкі ўнівэрсальнага доступу

49% расейцаў назвалі атручэньне Навальнага «інсцэніроўкай» або «правакацыяй», — апытаньне


Аляксей Навальны
Аляксей Навальны

Большасьць жыхароў Расеі чулі аб атручэньні Аляксея Навальнага, паказала апытаньне «Левада-цэнтру». 61% апытаных заявілі, што «нешта пра гэта чулі», яшчэ 17% паведамілі, што ўважліва сочаць за справай.

Аўтары дасьледаваньня таксама спыталі ў тых, хто чуў аб атручэньні, якую вэрсію таго, што здарылася, яны лічаць найбольш праўдападобнай. 30% выбралі адказ, што «ніякага атручэньня не было, гэта інсцэніроўка». Яшчэ 19% сказалі, што «гэта правакацыя заходніх спэцслужбаў».

15% рэспандэнтаў адказалі, што «гэта спроба ўлады ліквідаваць палітычнага апанэнта». У тым, што гэта спроба ўлады ліквідаваць апанэнта, хутчэй упэўненыя тыя, хто ўважліва сочыць за справай, выступае супраць дзейнасьці прэзыдэнта і адносіцца да больш маладых групаў расейцаў.

14 сьнежня былі апублікаваныя вынікі расьсьледаваньня, якое правялі група Bellingcat пры ўдзеле выданьня The Insider, CNN, Der Spiegel і Фонду барацьбы з карупцыяй Навальнага. Матэрыял часткова грунтаваўся на расьсьледаваньні, у якім удзельнічалі журналісты Радыё Свабода, – пра тое, што Расея, падобна, працягвае праграму стварэньня баявых атрутных рэчываў, у тым ліку «Новичка».

Супрацоўнікі Bellingcat дасьледавалі зьвесткі групы з трох чалавек – меркаваных супрацоўнікаў ФСБ, якія знаходзіліся ў Томску ў той самы час, калі там быў Навальны ў жніўні сёлета. Адзін з удзельнікаў гэтай групы, Уладзімір Панаеў, як сьцьвярджаецца, адначасова ўваходзіць у групу супрацоўнікаў спэцслужбаў, якія зьяўляюцца куратарамі распрацоўкі «Новичка», якім і спрабавалі атруціць Навальнага. Панаеў і яшчэ двое ўдзельнікаў гэтай групы з прозьвішчамі Осіпаў і Аляксандраў, як сьцьвярджае Навальны, тайна суправаджалі яго ва ўсіх паездках па Расеі пачынаючы з 2017 году, пра што сьведчаць зьвесткі аб авія- і чыгуначных квітках.

Навальны таксама называе імёны іншых меркаваных супрацоўнікаў ФСБ, якія маюць дачыненьне да апэрацыі па яго атручэньня. Усе яны супрацоўнікі спэцыяльнага падразьдзяленьня Інстытуту крыміналістыкі ФСБ. Сьцьвярджаецца, што некаторыя зь іх лекары. Названыя наступныя імёны: Станіслаў Макшакоў, Алег Таякін («Тарасаў»), Аляксей Аляксандраў («Фралоў»), Іван Осіпаў («Сьпірыдонаў»), Канстанцін Кудраўцаў («Сакалоў»), Аляксей Крывошчокаў, Міхаіл Швец («Сьцяпанаў»), Уладзімір Панаеў. Каардынатарам апэрацыі названы Алег Таякін.

21 сьнежня Аляксей Навальны апублікаваў у інтэрнэце запіс сваёй размовы з чалавекам, якога Bellingcat ідэнтыфікавала як супрацоўніка ФСБ Расеі Канстанціна Кудраўцава. Як сьцьвярджаецца, апазыцыянэр тэлефанаваў праз спэцыяльную праграму, таму Кудраўцаў думаў, што яму тэлефануюць з працоўнага тэлефона. Навальны прадставіўся памочнікам сакратара Савету бясьпекі Мікалая Патрушава Максімам Усьцінавым і папрасіў растлумачыць некаторыя моманты, неабходныя для дакладу начальству.

У размове з Навальным суразмоўца фактычна прызнаўся, што апазыцыянэр быў атручаны летам гэтага году супрацоўнікамі спэцслужбы. Таксама ён патлумачыў, што палітык памёр бы, калі б не апэратыўная пасадка самалёта, у якім Навальны страціў прытомнасьць, і ня ўведзены яму антыдот лекарамі хуткай дапамогі, якія былі ня ў курсе, што праводзіцца апэрацыя. Суразмоўца Навальнага таксама расказаў, што атрутнае рэчыва было нанесена на споднюю бялізну апазыцыянэра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG