Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне за жнівеньскі страйк судзяць 26 супрацоўнікаў БМЗ


БМЗ, Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін.
БМЗ, Беларускі мэталюргічны завод, Жлобін.

17 жніўня на Беларускім мэталюргічным заводзе быў страйк з прыпыненьнем працы ўсіх трох печаў.

Перад гэтым працоўныя сустракаліся з кіраўніцтвам, якое абяцала, што за сход і акцыю пратэсту караць нікога ня будзе.

Але пазьней Сьледчы камітэт завёў крымінальную справу за «беспарадкі», дакладней — «арганізацыю і правядзеньне незаконных групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак і спалучаныя зь відавочным непадпарадкаваньнем законным патрабаваньням прадстаўнікоў улады» (артыкул 342 Крымінальнага кодэксу).

28 сьнежня па «беспарадках» пачалі судзіць супрацоўнікаў БМЗ Ігара Поварава, Аляксандра Баброва і Яўгена Говара. На знак пратэсту супраць фальсыфікацыі выбараў і міліцэйскага гвалту яны разам зь іншымі працаўнікамі перакрылі дарогу для тэхналягічнага транспарту на заводзе.

У гэты ж дзень, 28 сьнежня, суд Жлобінскага раёну пачаў разгляд адміністрацыйных спраў у дачыненьні да ўдзельнікаў сходу на БМЗ 17 жніўня. Тэрмін прыцягненьня да адміністрацыйнай адказнасьці — два месяцы.

«Але спачатку мы ішлі ўсе па адміністрацыйнай справе. Потым — як сьведкі па крымінальнай. Потым на нас зноў распачалі адміністрацыйныя справы. Цяпер судзяць 26 чалавек па артыкуле 23.34 КаАП», — паведаміў Свабодзе сябра незалежнага прафсаюзу БМЗ Дзьмітрый Елісееў.

Елісеева таксама сёньня судзілі. Ён атрымаў штраф у памеры 15 базавых велічынь (405 рублёў) за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каля БМЗ 17 жніўня.

«Іншыя, каго сёньня судзілі, атрымалі суткі арышту. Пра дваіх чалавек я ведаю, што ім далі па пяць сутак. Гэта значыць, Новы год людзі правядуць не са сваімі блізкімі, а ў ізалятары. Большасьць тых, каго цяпер караюць, — ці ў незалежным прафсаюзе, ці падавалі туды заявы. Хутчэй за ўсё, таму і вырашылі менавіта гэтых людзей «укусіць», — лічыць Дзьмітрый Елісееў.

Жлобінскіх мэталюргаў за страйк 17 жніўня будуць судзіць 29 і 30 сьнежня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG