Краіны Эўразьвязу ў нядзелю пачалі масавую імунізацыю насельніцтва ад каранавірусу новага тыпу. Адзінай зарэгістраванай вакцынай паводле стану на 27 сьнежня стаў прэпарат амэрыканскай і нямецкай карпарацыяў Pfizer і BioNTech. Яго эфэктыўнасць, сьцьвярджаюць распрацоўнікі, складае 95 працэнтаў. На першым этапе краінам дасталася прыкладна па 10 тысяч доз — што відавочна недастаткова, каб спыніць пандэмію.
Першапачатковая вакцынацыя пачалася 27 сьнежня амаль ва ўсіх краінах ЭЗ. Прыярытэт аддаецца катэгорыям грамадзян з груп рызыкі, у тым ліку пажылым людзям і мэдычным работнікам. У некаторых рэгіёнах мэдычныя работнікі ня сталі чакаць афіцыйнага старту і пачалі вакцынацыю яшчэ напярэдадні, пасьля атрыманьня прэпарату.
Эўразьвяз пачаў закупляць вакцыны пазьней за ЗША, Японію, Канаду і іншыя краіны, адзначае часопіс Spiegel. Вашынгтон пачаў закупы ў ліпені, Брусэль — у сярэдзіне лістапада. Фармальна ЭЗ замовіў каля двух мільярдаў доз вакцыны, аднак вялікая частка прыпадае на прэпараты брытанскай карпарацыі AstraZeneca, якая прыпыніла выпрабаваньні, і французскай Sanofi, якая не дайшла да трэцяй стадыі. У Вялікабрытаніі і ЗША ўжо вакцынаваныя адпаведна 600 тысяч і каля двух мільёнаў чалавек, адзначае агенцтва Bloomberg.
Больш за 12 мільёнаў жыхароў ЭЗ ад пачатку пандэміі захварэлі, больш 335 тысяч памерлі ад COVID-19. Насельніцтва Эўразьвязу — амаль 447 мільёнаў чалавек. Для спыненьня пандэміі трэба прышчапіць каля 60 працэнтаў насельніцтва. Да канца наступнага году ЭЗ атрымае да 180 мільёнаў доз вакцынаў Pfizer і Moderna, чаго будзе дастаткова для вакцынацыі толькі 90 мільёнаў чалавек, падлічыў Spiegel.