Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кожны беларус цяпер у закладніках або ў турме». Баец Віталь Гуркоў — аб сваім звароце да сілавікоў і рэакцыі спартоўцаў на пратэсты


Віталь Гуркоў
Віталь Гуркоў

Беларускі кікбаксёр, шматразовы чэмпіён сьвету і вакаліст панк-гурту BRUTTO Віталь Гуркоў стаў адным з самых актыўных спартоўцаў, якія выступаюць супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Некалькі тыдняў таму Гуркоў запісаў відэазварот да сілавікоў, заклікаючы падтрымаць заклік да новых прэзыдэнцкіх выбараў. Ён крытыкаваў тых спартоўцаў, якія выступілі ў падтрымку Лукашэнкі пасьля санкцыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту.

У эфіры тэлеканалу «Настоящее время» Гуркоў распавёў, чаму заняў актыўную палітычную пазыцыю і што думае пра вяртаньне ў Беларусь.

— Вы да гэтага часу падтрымліваеце беларусаў і выставілі на аўкцыён адзін кубак. Раскажыце пра гэты аўкцыё і куды пойдуць атрыманыя грошы?

— Сумесна з Фондам спартовай салідарнасьці мы вырашылі выставіць адну з маіх узнагарод на аўкцыён. І, адпаведна, атрыманыя грошы пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных спартоўцаў. Таксама ёсьць ідэя стварэньня беларускай школы адзінаборстваў. У Кіеве ёсьць вельмі добрыя прадстаўнікі, якія ўжо страцілі свае месцы ў нацыянальных камандах нашай краіны.

— Гэты кубак можна купіць на eBay? Яго кошт 1125 даляраў, і кошт пастаянна расьце.

— Так.

— Раскажыце пра ідэю зьяўленьня вашага відэазвароту да беларускіх сілавікоў. Ці была нейкая рэакцыя, можа быць, да вас зьвяртаўся нехта з гэтай нагоды?

— Ідэя звароту, увогуле, нарадзілася сярод спартоўцаў-адзінаборцаў, якія ведаюць асабіста многіх былых спартоўцаў, а цяпер сілавікоў — хлопцаў і дзяўчат, якія працуюць у сілавых структурах. І зварот быў вельмі эмацыйны, з глыбіні душы, таму што хлопцы, якія былі ў спорце і цяпер выконваюць злачынныя загады, наўрад ці яны ўяўлялі сабе службу такога кшталту, таму што ўсё-такі чалавек, які прайшоў праз спартовую залю, спорт і ведае, што такое спартовае сяброўства, годнасьць і гонар, напэўна, яму складана, недзе ўнутры яго змагаюцца дзьве сілы. Я спадзяюся, што сьветлы бок пераможа.

— Ці была нейкая рэакцыя? Хтосьці зь сілавікоў да гэтага звароту далучыўся?

— Наколькі мне вядома, гэты ліст цяпер досыць актыўна падпісваецца, тэмп падпісаньня ў разы вышэй нават, чым спартовага ліста за новыя выбары і за спыненьне гвалту.

— Вы зьехалі зь Беларусі да выбараў. Чаму так атрымалася?

— Былі плянавыя мерапрыемствы, выступы на розных фэстах, канцэрты і гэтак далей. Потым я ўжо ўбачыў тое, што адбываецца ў роднай краіне, — парачку паказальных гісторый, зноў жа, з нашым знакамітым спартоўцам Аляксеем Кудзіным. Гэта дало зразумець, што адбываецца поўны прававой дэфолт, і на дадзены момант у Беларусі проста за чырвона-белую гірлянду на акне ці сьняжынку могуць распачаць крымінальную справу, адбываецца сапраўднае бязьмежжа, маразм. І, уласна кажучы, можна сказаць, што кожны беларус цяпер знаходзіцца ў закладніках альбо ў турме.

— Калі вы зьяжджалі з краіны, вы меркавалі, што пасьля выбараў будзе такі высокі ўзровень гвалту ў краіне?

— Тое, што адбылося пасьля выбараў, я не ўяўляў нават у самым страшным сьне. Я думаю, што ніхто з беларусаў ня мог падумаць і паверыць у тое, што гэта будзе працягвацца так доўга. Але ў працэсе ўсёй перадвыбарчай кампаніі было вельмі ярка зразумела і прыкметна, што сёлета беларускі народ як ніколі хоча зьмяніць прэзыдэнта, як ніколі хоча пераменаў. Людзі рабілі ўсё, што яны маглі ў рамках закону, у рамках юрыдычных правілаў, таму што шматлікая яўка, лісты, скаргі і таму падобнае — людзі ў прынцыпе ўчапіліся за любую мажлівасьць паўплываць неяк [на сытуацыю].

— Вы да выбараў казалі, што няма ніводнага годнага кандыдата ў прэзыдэнты, але пры гэтым мы ведаем, што ня ўсіх кандыдатаў у прэзыдэнты зарэгістравалі, некаторыя з іх сядзяць. Калі б зарэгістравалі ўсіх, быў бы годны кандыдат?

— Цяпер для беларусаў любы кандыдат — годны. Тое, што і адбылося. Цяпер нават умоўная хатняя гаспадыня — годны кандыдат. Любы, хто ўстане ў апазыцыю да дзеючай улады, — тое, што і адбылося. Я думаю, што кожны разумны чалавек аддаваў сабе справаздачу, што людзі галасавалі ня «за», а «супраць», і што Сьвятлана Ціханоўская мае значэньне тэхнічнага кандыдата, як прынята лічыць цяпер.

— Нягледзячы на тое, што вы зьехалі ва Ўкраіну, вы прымаеце актыўны ўдзел у палітычным жыцьці Беларусі, у прыватнасьці, вы раскрытыкавалі так званы праўладны ліст спартоўцаў. Я так разумею, ваша крытыка мела эфэкт. Хтосьці са спартоўцаў адклікаў свае подпісы?

— Гэты ліст — [гэта такі] талён на забесьпячэньне. Людзі падпісваюць яго пачкамі для таго, каб захаваць сваю цяперашнюю заработную плату, цяперашнюю пасаду і гэтак далей. Многіх людзей туды запісвалі бязь іх згоды, і людзі адклікалі подпісы. Некаторыя падпісвалі гэты ліст, не ўнікаючы ў палітычную сытуацыю ў краіне, потым адумваліся і адклікалі подпіс. У прынцыпе, у гэтым лісьце нічога дрэннага не напісана, проста ў рамках тых падзей, якія адбываюцца ў нашай краіне, да яго такое стаўленьне.

— Яшчэ да выбараў вы баяліся, што грамадзтва ў Беларусі можа раскалоцца. Як лічыце, цяпер адбыўся гэты раскол альбо ўсе адзіныя?

— У нас няма нейкіх рэзкіх падставаў для таго, каб грамадзтва было падзелена неяк — у нас няма нейкіх рэлігійных, моўных бар’ераў, таму калі можна раскалоць грамадзтва, то яно можа быць расколатае прыкладна 90/10 на дадзены момант.

— Вы дастаткова вядомы спартовец, досыць вядомая мэдыйная асоба. Можа да вас прадстаўнікі беларускай апазыцыі, Каардынацыйнай рады зьвярталіся па супрацоўніцтва? Наколькі я разумею, вы маеце дастаткова вялікі ўплыў, напрыклад, на спартоўцаў. Ці была такая прапанова?

— Не, такіх прапановаў не было. Больш за тое, я ўсё ж такі стараюся трымацца асобна. Тое, што я выказваю, — я выказваю свае думкі. Я не знаходжуся ні ў якіх палітычных партыях, я не належу да нейкіх каардынацыйных радаў і гэтак далей. Проста я чалавек, спартовец, грамадзянін сваёй краіны, неабыякавы да таго, што ў ёй адбываецца, тым больш што падзеі апошніх месяцаў дастаткова жалобныя.

— Вы кажаце пра тое, што не зьбіраецеся вярнуцца ў Беларусь. Гэта канчатковае рашэньне?

— Так, гэта абсалютна канчатковае рашэньне.

— У любым выпадку ня вернецеся?

— Калі-небудзь я вярнуся.

— Як вы лічыце, хто вінаваты ў тым, што адбываецца ў Беларусі? Калі не Лукашэнка, то хто можа быць вінаваты?

— Калі ня ён, дык, напэўна, людзі, якія патураюць і выконваюць злачынныя загады, якія баяцца страціць свае партфэлі, наседжаныя месцы і гэтак далей.

— Да сёлетняга году вы цікавіліся беларускай палітыкай?

— Да сёлетняга году мала хто цікавіўся беларускай палітыкай.

— Як вы думаеце, чаму?

— Таму што ня ўсіх гэта тычылася ў той ступені, у якой закранула сёлета. У прынцыпе, гэта адзіная прычына. І самая вялікая прычына — гэта, напэўна, той гвалт і тая жорсткасьць, якая адбылася 9, 10, 11 жніўня. Таму для многіх людзей тое, што зараз адбываецца, гэта як страшны сон, яны не маглі ўявіць наогул, што ў людзей на вуліцах будуць страляць, будуць кідаць светлашумавыя гранаты, што за сарваную маску з супрацоўніка міліцыі могуць даць два гады. Там проста вельмі шмат жалобных і цяжкіх гісторый, іх усе проста не пералічыць. І ў чарадзе гэтых падзей проста губляешся, і ўжо столькі ўсяго забылася, столькі жаху ўжо адсунулася на задні плян, таму што кожны дзень адбываюцца ўсё новыя і новыя падзеі, якія проста дзівяць жорсткасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG