Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алена Леўчанка vs Максім Недасекаў. Прадстаўніца Фонду спартовай салідарнасьці паспрачалася з падпісантам праўладнага ліста ў жывым этэры


Спартоўцы на маршы 13 верасьня
Спартоўцы на маршы 13 верасьня

Баскетбалістка Алена Леўчанка паспрачалася ў прамым этэры зь лёгкаатлетам Максімам Недасекавым. Іх спрэчка была пра гвалт сілавікоў на вуліцах Беларусі і права на выказваньне сваёй пазыцыі.

Баскетбалістка Алена Леўчанка зладзіла жывы этэр у Instagram зь лёгкаатлетам Максімам Недасекавым, размова была пра палітычныя падзеі ў Беларусі.

Алена Леўчанка адбыла 15 содняў адміністрацыйнага арышту і стала адной з ініцыятарак Фонду беларускай спартовай салідарнасьці, які заявіў пра ціск рэжыму Лукашэнкі на спартоўцаў. Максім Недасекаў, наадварот, лічыць уладу Лукашэнкі легітымнай і падпісаў праўладны ліст спартоўцаў.

Сэнс падпісаньня двух лістоў

Падчас дыскусіі Леўчанка падкрэсьліла, што ў звароце няма нічога пра сьцяг і забарону беларускім спартоўцам выступаць на Алімпіядзе, хоць Недасекаў перад гэтым казаў, што асноўнае жаданьне падпісантаў у тым, каб забараніць чырвона-зялёны сьцяг і выступленьні беларусаў на міжнародных спаборніцтвах.

Максім Недасекаў сказаў, што падтрымлівае Аляксандра Лукашэнку, але гэта «не азначае, што падтрымлівае гвалт». На думку Недасекава, у Беларусі ёсьць свабода слова. Пры гэтым лёгкаатлет адзначыў, што ня ведае пра факты, калі людзей арыштоўвалі за бел-чырвона-белыя колеры на бальконах, у адзеньні.

Недасекаў давярае дзяржаўнай тэлевізіі, у якой ён бачыў, як мірныя пратэстоўцы «кідалі камянямі ў міліцыю». Леўчанка запярэчыла: яна ўдзельнічала ў многіх маршах і не заўважыла такіх паводзінаў, а Недасекаў бачыў падзеі толькі ў тэлевізары і ў інтэрнэце.

Стаўленьне да рэпрэсіяў супраць спартоўцаў

Вольга Мазуронак, Андрэй Краўчанка і іншыя рэпрэсаваныя спартоўцы выказалі сваю думку, на што мелі права, але, на думку Максіма Недасекава, «пайшлі супраць свайго», таму іх звальненьне лягічнае. Пры гэтым Недасекаў прызнаўся, што ня ведае ўсіх падрабязнасьцяў санкцыяў Міжнароднага алімпійскага камітэту супраць НАК Беларусі, бо канцэнтруецца на сваіх трэнінгах.

Недасекаў адзначыў, што сярод падпісантаў звароту Фонду спартовай салідарнасьці шмат «колішніх» спартоўцаў, а яго спартовая кар’ера яшчэ збольшага наперадзе. Леўчанка ў адказ заўважыла, што праўладны зварот падпісалі дзясяткі непаўналетніх і нават замежных грамадзян.

Наконт доказаў гвалту сілавікоў над беларусамі лёгкаатлет сказаў, што шмат фатаграфіяў «фэйкавыя». А на сам факт катаваньняў мірных пратэстоўцаў Недасекаў зрэагаваў фразай: «У любой турме б’юць людзей». Канкрэтных прыкладаў з замежжа скакун не прывёў, ён прызнаў, што гэта кепска, «але з гэтым нічога не зрабіць».

На міжнародных спаборніцтвах Недасекаў выступіць за «людзей, якія рыхтавалі яго да турніраў, за сьцяг і гімн», але не за ўвесь народ, бо «шмат беларусаў не паважаюць яго меркаваньне».

Жывы этэр глядзелі каля 1800 чалавек.

Праўладны ліст пад назвай «Адкрыты зварот спартовай грамадзкасьці Беларусі», паводле сайту, дзе зьбіраюцца подпісы, падпісалі 4522 чалавекі. «Адкрыты ліст з патрабаваньнямі да ўлады», ініцыяваны Беларускім фондам спартовай салідарнасьці, падпісалі 1777 чалавек. Пры гэтым шэраг атлетаў пасьля падпісаньня гэтага звароту цярпелі ад ціску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG