Старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швец і сузаснавальнік бізнэс-школы ІПМ Павал Данэйка абверглі датычнасьць да стварэньня ў Беларусі прарасейскай арганізацыі, паведамляе Tut.by.
Паводле расьсьледаваньня расейскага інтэрнэт-выданьня The Insider, Масква для захаваньня ўплыву ў Беларусі плянуе стварыць сетку палітычных лідараў, структур, рэсурсную базу і інфармацыйную падтрымку. У актыў «прарасейскіх сілаў» нібыта ўвайшлі старшыня праўленьня грамадзкага аб’яднаньня падтрымкі бізнэсу і прадпрымальніцтва «Садзейнічаньне і разьвіцьцё» Максім Лявоненкаў, заснавальнік групы кампаній «Фэрмэнт» Валер Бястолкаў, старшыня савету дырэктараў «Фармлэнд» Іван Лагавы, дырэктар «Цэнтру лічбавай трансфармацыі» Максім Тарасевіч, старшыня Рэспубліканскага саюзу прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Аляксандар Швец, сузаснавальнік бізнэс-школы ІПМ Павал Данэйка. У артыкуле прыводзяцца іх выказваньні падчас круглага стала ў расейскім цэнтры сацыяльна-кансэрватыўнай палітыкі.
Аляксандар Швец адмаўляе датычнасьць да стварэньня партыі «Права народу», якую нібыта зьбіраюцца стварыць у Беларусі для далейшага прасоўваньня расейскіх інтарэсаў у краіне. Па яго словах, цытаты, якія прыпісваюцца яму, вырваныя з кантэксту і скажоныя. Пры гэтым ён адзначыў, што кансультацыі праводзяцца штодня, а «расейскі вэктар аб’ектыўна важны для бізнэсу».
Таксама Швец заявіў, што ў кансультацыях «расейскі бок спрабуе атрымаць пункт гледжаньня прыватнага сэктару беларускага бізнэсу» і зразумець, як яго «ўжыць у сваіх мэтах».
Павал Данэйка таксама пацьвердзіў свой удзел у круглым стале, але сказаў, што стварэньне партыі не абмяркоўваў і, таксама як і Швед, ні з кім не знаёмы з адміністрацыі расейскага прэзыдэнта.