Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ўвялі новыя санкцыі супраць уладаў Беларусі. Хто ў сьпісе


Гомель, 20 верасьня 2020 г.
Гомель, 20 верасьня 2020 г.

Міністэрства фінансаў ЗША 23 сьнежня ўвяло санкцыі супраць чатырох юрыдычных і адной фізычнай асобы ў Беларусі ў сувязі з фальсыфікацыяй прэзыдэнцкіх выбараў і пасьлявыбарчым гвалтам з боку дзяржавы.

Пра гэта паведамляецца на сайце Міністэрства фінансаў ЗША.

Пад санкцыі падпалі: Цэнтральная выбарчая камісія, Атрад міліцыі асобнага прызначэньня (АМАП), Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму, падразьдзяленьне «Альфа» КДБ, а таксама Генадзь Казакевіч, намесьнік міністра ўнутраных спраў Беларусі — начальнік крымінальнай міліцыі.

Санкцыі прадугледжваюць замарожваньне ўсіх актываў названых асоб на тэрыторыі ЗША і забарону на вядзеньне спраў зь імі для амэрыканскіх грамадзян.

«Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў на чале са старшынёй Лідзіяй Ярмошынай, намесьнікам старшыні Вадзімам Іпатавым і сакратаром Аленай Дмухайлай, якія ўжо знаходзяцца пад санкцыямі, кіравалі фальшывымі прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня. Выбары з мноствам парушэньняў — якія ўключалі забарону ўдзелу для апазыцыйных кандыдатаў, забарону доступу назіральнікаў і зацьвярджэньне непраўдзівага падліку галасоў — не былі ні свабоднымі, ні справядлівымі», — гаворыцца ў паведамленьні Міністэрства фінансаў ЗША.

Адносна Генадзя Казакевіча адзначаецца, што ён як намесьнік міністра ўнутраных спраў і начальнік крымінальнай міліцыі «адказваў за дзеяньні крымінальнай міліцыі ў ролі выканаўцаў санкцыянаванай раней Аляксандрам Лукашэнкам палітыкі жорсткіх разгонаў дэмакратычных пратэстаў у Беларусі».

Пра падразьдзяленьне «Альфа», АМАП і Галоўнае ўпраўленьне ўнутраных спраў Менскага гарвыканкаму сказана, што яны «ўдзельнічалі ў жорсткіх пасьлявыбарчых рэпрэсіях і падаўленьні мірных акцый пратэсту ў Менску».

Дзярждэпартамэнт ЗША таксама ўвёў візавыя абмежаваньні ў дачыненьні да 39 беларусаў, якія нясуць адказнасьць за падрыў дэмакратыі ў Беларусі, гаворыцца ў заяве дзяржсакратара ЗША Майка Пампэо.

Сьпіс гэтых асоб пакуль не апублікаваны. Усяго візавыя абмежаваньні ўведзеныя супраць 63 грамадзян Беларусі за фальсыфікацыю вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў і рэпрэсіі, якія працягваюцца па сёньняшні дзень.

Міністэрства фінансаў ЗША раней паведамляла, што ўведзеныя санкцыі супраць кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Караева, намесьніка кіраўніка МУС і кіраўніка міліцыі грамадзкай бясьпекі Аляксандра Барсукова, намесьніка кіраўніка МУС і камандуючага ўнутранымі войскамі Юрыя Назаранкі, намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі МУС Хазалбека Атабекава, камандзіра менскага АМАПу Дзьмітрыя Балабы, сакратара ЦВК Беларусі Алены Дмухайлы, намесьніка старшыні ЦВК Вадзіма Іпатава, начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Івана Кубракова.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG