Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школьнікам паказваюць прапагандысцкі фільм пра нацыяналістаў часоў вайны. Што гэта за стужка?


Мікрафоны дзяржаўных тэлеканалаў
Мікрафоны дзяржаўных тэлеканалаў

«Людзі з чорнымі душамі» — гэта дакумэнтальны чорна-белы фільм пра Другую ўсясьветную вайну ў Беларусі, зьняты ў 1962 годзе. У фільме расказваецца пра калябарацыяністаў часоў вайны.

На тэлеканале СТБ выйшаў сюжэт пра тое, як школьнікам паказваюць фільм «Людзі з чорнымі душамі» — дакумэнтальную стужку 1962 году Ільлі Гурскага і Пятра Шамшура.

У фільме расказваецца пра нібыта беларускіх нацыяналістаў, якія супрацоўнічалі з нацыстамі падчас акупацыі Беларусі. Паказальна, што кіно было аблічбаванае пры падтрымцы Камуністычнай партыі Беларусі і прарасейскага праекту imhoclub.by.

«Дзіўна ў наш час выкопваць такія рарытэты»

Гэтая кінастужка зьнятая ў часы «халоднай вайны». На думку гісторыка Натальлі Гардзіенкі, якая займаецца вывучэньнем беларускай эміграцыі, з таго часу гістарычная навука зрабіла шмат адкрыцьцяў.

«У 1990-я гады пра эміграцыю было зроблена шмат дасьледаваньняў, адкрыта шмат новага. Зразумела, што ў тыя часы, людзі, якія трапілі ў пасьляваенную эміграцыю, паказваліся выключна з нэгатыўнага боку. У нашы часы дэманстраваць гэты прадукт яшчэ савецкай гістарыяграфіі вельмі дзіўна», — перакананая Натальля Гардзіенка.

Гісторык Аляксандар Даўгоўскі кажа, што гэтая кінастужка «хутчэй палітычны інструмэнт, чым гістарычны прадукт».

«Найпрасьцейшы спосаб дыскрэдытаваць кагосьці — назваць фашыстам. Такія прадукты трэба зьмяшчаць у кантэкст таго часу, яны ствараліся ў зусім іншым палітычным кантэксьце. Калі паказваць такое, то мусіць быць канкрэтная мэта, мусіць тлумачыцца кантэкст. Інакш — гэта прапаганда для дыскрэдытацыі. Дэманстрацыя такой стужкі мае на мэце не адукацыю, а дыскрэдытацыю пратэстоўцаў, іхнай сымболікі, гэта накіравана не выбудоўваньне дыялёгу, а на раскол грамадзтва», — мяркуе гісторык.

«Раней такога не паказвалі»

Выкладчыца, пэдагог Ганна Севярынец кажа, што ідэалягічныя стужкі ў школе дэманстраваліся і раней, але не 1962 году выпуску.

«Ёсьць такая праграма „Школа актыўнага грамадзяніна“. Раз на месяц паводле яе праводзіліся мерапрыемствы, — кажа настаўніца. — Бяруць некалькі клясаў, садзяць і паказваюць стужкі. Гэта магло быць адкрыцьцё нейкіх гульняў ці баль у прэзыдэнта, гісторыю там не закраналі. Было пра будучыню і сучаснасьць. Каб падымалі матэрыялы 1960-х гадоў, я такога не прыгадаю. Для вучняў гэта заўсёды непрыемны абавязак, таму ня думаю, што такія паказы дадуць нейкі плён», — кажа пэдагог.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG