Фотажурналістку БелаПАН Віялету Саўчыц прызналі вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі людзей з інваліднасьцю 22 кастрычніка, якую яна асьвятляла.
21 сьнежня судзьдзя Заводзкага раённага суду Менску Анжэла Касьцюкевіч аштрафавала журналістку на 30 базавых велічынь (810 рублёў) паводле артыкулу 23.34 КаАП, паведаміў БелаПАН.
Аб рашэньні суду Саўчыц даведалася толькі 24 сьнежня ад свайго адваката.
«На судзе я не прысутнічала, туды езьдзіла памочніца адваката, але не змагла трапіць на слуханьне. А сёньня адвакат езьдзіў у суд даведацца, чым скончылася пасяджэньне, і паведаміў пра штраф», — сказала Саўчыц.
Яна дадала, што на акцыі 22 кастрычніка яе не затрымлівалі, а склалі пратакол пастфактум.
«Я ня бачыла сам пратакол, нічога не падпісвала. Пра тое, што ён ёсьць, даведалася праз тэлефон ад міліцыі», — дадала яна.