Сярод памілаваных Дональдам Трампам — некалькі вядомых амэрыканцаў, які былі цэнтральнымі фігурамі ў гучных расьсьледаваньнях, паведаміў «Голас Амэрыкі».
71-гадовы Пол Манафорт быў кіраўніком выбарчага штабу Трампа перад выбарамі 2016 году. Пазьней ён быў адным зь фігурантам расьсьледаваньня ФБР пра ўмяшаньне Расеі ў прэзыдэнцкія выбары.
Яго асудзілі за падатковыя і іншыя фінансавыя злачынствы і за ўдзел у змове супраць ЗША.
Зь пяці з паловай гадоў ён адседзеў прыкладна два і цяпер выйдзе на волю.
Паводле прэсавай службы Белага дому, Пол Манафорт «стаў адной з найбольш прыкметных ахвяраў, магчыма, самага маштабнага паляваньня на вядзьмарак у амэрыканскай гісторыі».
Таксама ў гэтай справе Трамп памілаваў 68-гадовага Роджэра Стоўна-малодшага, якога асудзілі на 3 гады і 4 месяцы паводле сямі артыкулаў, у тым ліку за маніпуляваньне сьведкамі і хлусьлівыя паказаньні. Раней яго называлі сябрам Дональда Трампа. Прэсавая служба Белага дому назвала яго чалавекам «з шматлікімі праблемамі з здароўем», зь якім «абышліся надта несправядліва», уключна з «патэнцыйнай палітычнай прадузятасьцю суду прысяжных».