За кратамі Кірыл Паўлавец ужо трэці месяц. Напярэдадні меўся адбыцца суд па ягонай справе, але праз хваробу падсуднага паседжаньне перанесьлі на студзень. Пра гэта «Вясьне» паведаміла жонка палітвязьня Тацяна.
У лісьце ад 6 сьнежня Кірыл прызнаваўся, што яму дрэнна, а ў ізалятары сказалі, што ён хворы на ангіну. Потым, па словах жонкі, бацька мужа павёз перадачу і сказаў, што Кірыла перавялі ў іншую камэру.
«17 сьнежня ў яго заканчваўся тэрмін арышту. Яго меліся павезьці ў Менск на суд, але адвакатка сказала, што ён на карантыне. Я ня ведаю, у якім Кірыл стане ў шпіталі, бо туды немагчыма нават датэлефанавацца», — кажа жонка.
Кірыл Паўлавец па прафэсіі будаўнік. Яго затрымалі 4 кастрычніка пасьля «Маршу вызваленьня палітвязьняў». Ён ужо быў вярнуўся дадому, але яму патэлефанавалі зь незнаёмага нумару і папрасілі адагнаць машыну. Там яго і затрымалі людзі ў балаклавах. Дома засталіся жонка і двое малых дзяцей 2 і 4 гадоў.
Спачатку мужчыну асудзілі па артыкуле 23.34 КаАП на 14 сутак арышту, але на волю ён ня выйшаў, бо яму прад’явілі абвінавачаньне па артыкуле 342 Крымінальнага кодэксу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх». Сьпярша яго зьмясьцілі ў СІЗА-1 у Менску, а 4 лістапада перавялі ў сьледчую турму ў Жодзіне, дзе ён і захварэў на COVID-19.
Пра тое, што зьняволеныя ў турмах хварэюць на COVID-19, паведамлялася раней. Аднак Кірыл Паўлавец, імаверна, стаў першым палітвязьнем, якога паклалі з гэтым дыягназам у шпіталь.