Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта мой родны сьцяг». 81-гадовую пэнсіянэрку аштрафавалі за тое, што ішла са сьцягам


Падсудная Соф’я Мінько.
Падсудная Соф’я Мінько.

У Цэнтральным судзе Менску разглядалася адміністрацыйная справа паводле артыкулу арт. 23.34, ч. 1 супраць 81-гадовай Соф’і Мінько. Суд аштрафаваў яе на 10 базавых велічынь (270 рублёў).

Жанчыну затрымалі 7 сьнежня, калі яна адна ішла зь бел-чырвона-белым сьцягам па праспэкце Незалежнасьці. Соф’ю Мінько адвезьлі ў Цэнтральны РУУС, склалі пратакол, але да суду адпусьцілі і аддалі ёй сьцяг.

«Я не дайшла да плошчы Якуба Коласа, там ужо акружылі. А потым я ішла праспэктам з разгорнутым сьцягам, і мяне затрымалі амапаўцы. Ніякай калёны не было, я ішла адна», — сказала Свабодзе Соф’я Мінько.

Яна кажа, што мае права хадзіць па вуліцы і не разумее, за што яе будуць судзіць.

«Я ад сэрца свайго хаджу, хадзіла і хадзіць буду, проста сілы няма. Я за моладзь; я пацярпела ад гэтай улады, у мяне есьць прычына хадзіць, каб маладыя жылі ня так, як мы, — кажа жанчына. — Нам балюча, мы ідзём. Мы, пэнсіянэры, перашкаджаем, бо нам пэнсію плаціць трэба. На пэнсію я не магу купіць лекі; ня маю кватэры, у мяне адабралі кватэру. Я добра ведаю сытуацыю, ніводнага разу за Лукашэнку не галасавала, тады ўжо разумела».

Што да бел-чырвона-белага сьцяга, то яна параіла міліцыянтам вучыць гісторыю.

Як праходзіў суд

Разглядаў справу судзьдзя Карсюк. Калі ён зачытаў правы падсуднай, Соф’я Мінько сказала, што нічога не запомніла («У нас няма ніякіх правоў»).

«Я не вінаватая ні ў чым, што я магу прасіць у суду?» — сказала жанчына.

Да матэрыялаў справы дадалі эпікрыз з апісаньнем усіх хваробаў, якія мае жанчына.

У пратаколе гаворыцца, што Соф’я Мінько з 13 гадзін да 13:15 «наўмысна парушыла вызначаны парадак правядзеньня вулічнага шэсьця» і актыўна ўзяла ўдзел «у арганізаваным масавым руху групы грамадзян у колькасьці 50 чалавек па пешаходнай частцы вуліцы». Паводле пратаколу, Мінько рухалася з удзельнікамі шэсьця і трымала ў руках бел-чырвона-белы сьцяг.

«Я ішла адна. Прызнаю віну часткова, што несла сьцяг. А дзе мне было яго падзець?! Але шэсьця не было», — сказала Соф’я Мінько.

Жанчына сказала, што ішла, каб сесьці на аўтобус дадому, праспэктам Незалежнасьці ў бок Кастрычніцкай плошчы.

Судзьдзя: «Навошта гэты сьцяг у вас быў у руцэ?»
Соф’я: «Таму што гэта мой сьцяг, гэта мой родны сьцяг».
Судзьдзя: «Зь якой мэтай вы яго трымалі ў руках, аднекуль несьлі, ці што?»
Соф’я: «Гэта мой пратэст супраць свавольства, якое было нада мной цягам 17 гадоў гэтай улады».
Судзьдзя: «Значыць, вы гэтым хацелі выказаць свой пратэст?»
Соф’я: «Мой асабісты пратэст».
Судзьдзя: «Дык вы якім чынам у руцэ сьцяг трымалі? Руку апушчанай?»
Соф’я: «Так, вось гэтак несла».
Судзьдзя: Сьцяг быў на флягштоку?
Соф’я: «Не, не на палачцы. Мне яго аддалі і ампаўцы, і міліцыя. Я несла сьцяг, гэта мой асабісты пратэст. Я засталася без кватэры, прайшла праз усе суды. Цяпер я жыву ў крэдытнай кватэры, я плачу, мне не хапае пэнсіі. У нас усё адабралі».

Судзьдзя спытаўся, ці спрабавала жанчына атрымаць дазвол, каб выказаць свой пратэст.

«Куды я павінна была ісьці, бачыце мой узрост? Я зьвярталася, мяне пакінулі без кватэры. Я не баюся, вязіце мяне ў Акрэсьціна, забівайце».

У судзе праз скайп быў дапытаны засакрэчаны сьведка, супрацоўнік міліцыі «Александровіч Аляксандар Аляксандравіч». Падчас яго апытаньня сувязь перарывалася.

Ён сказаў, што Соф’я Мінько рухалася «разам з натоўпам».

«Якая хлусьня!», — сказала на гэта жанчына ў залі. Сьведка казаў тое, што напісана ў рапарце. На просьбу адваката ён так апісаў затрыманую: «Бабуля гадоў 75, даволі нізкага росту, сівыя валасы». Папраўдзе, кажа Соф’я Мінько, яна была ў шапцы, таму невядома, як сьведка мог бачыць сівыя валасы. Ён сьцьвярджаў, што разам з Соф’яй ішлі каля 50 чалавек. На пытаньне адваката, чаму затрымалі толькі пяцёх разам з Соф’яй Мінько, адказаў: «Ну колькі пасьпелі ў той дзень».

Соф’я: «Я ехала з амапаўцам адна. Я не ішла з калёнай. Чаму ў мяне не забралі сьцяг ні ў міліцыі, ні АМАП? Значыць, ён законны? Ён цяпер у мяне дома».

Сьведка: «Я не магу сказаць, я адміністрацыйны працэс ня вёў. Ну супрацоўнікі міліцыі, магчыма, пашкадавалі і аддалі сьцяг».

Пазыцыя абароны

Адвакатка зьвярнула ўвагу на парушэньні пры складаньні пратаколу, сярод іншага тое, што сьведка быў засакрэчаны. У пратаколе таксама была пазначана спачатку нейкая Раманенка, потым прозьвішча выправілі.

«Значыць, гэты пратакол складзены на іншую асобу», — сказала адвакатка і запатрабавала вярнуць справу на дапрацоўку.

«Я лічу, што мая падабаронная, дажыўшы амаль да 82-х гадоў, мае права мець прэтэнзіі да дзейнай улады і поўнае права іх выказваць, — сказала адвакатка. — Ніякай пагрозы пэнсіянэрка, якая ішла па праспэкце ў руках са сьцягам, ні для грамадзтва, ні для дзяржавы не нясе. Гэта права на выказваньне яе думкі. Сёньня, на жаль, незаконным выказваньнем думкі лічаць вывешваньне сьцягоў. Цяпер я таксама выказваю сваю думку. Атрымліваецца, мяне таксма можна абвінаваціць у пікетаваньні, якое я ні з кім не ўзгадняла?»

Адвакатка прасіла спыніць справу альбо накіраваць на дапрацоўку.

У канцы працэсу Соф’я Мінько сказала:

«Гэта мой пратэст. Я не вінаватая ні ў чым перад гэтай дзяржавай і перад уладай».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG