Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лабісты дзейнічаюць з двух бакоў». Хто ня трапіў у санкцыйны сьпіс ЭЗ у дачыненьні да Беларусі


Аляксандар Лукашэнка, 23 жніўня 2020 г.
Аляксандар Лукашэнка, 23 жніўня 2020 г.

Эўразьвяз 17 сьнежня ўвёў новы пакет санкцый у дачыненьні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі. У сьпіс увайшлі некалькі буйных дзяржаўных прадпрыемстваў, сілавікі і набліжаныя да Лукашэнкі алігархі.

Палітоляг Аляксандар Фядута і журналіст тэлеканалу «Белсат» Ігар Ільяш расказалі тэлеканалу «Настоящее время» пра тое, па кім удараць новыя санкцыі і чаму некаторыя набліжаныя да Лукашэнкі алігархі не апынуліся ў гэтым сьпісе.

Аляксандар Фядута:

«Спадарыня [Сьвятлана] Ціханоўская мае абсалютную рацыю. Санкцыі носяць хутчэй псыхалягічны характар. Але яны зьяўляюцца знакавымі, і па меры пашырэньня сьпісу асобаў, якія трапляюць пад санкцыі, будзе ўзмацняцца ціск знутры ўлады. Усе гэтыя людзі — судзьдзі, сябры іншых праваахоўных структур, бізнэсоўцы — у той ці іншай ступені разумеюць: што б ні адбылося, сам па сабе спіс — гэта ўжо маркіроўка. Яны баяцца трапіць у яго. Баяцца ня толькі таму, што яны самі хацелі б застацца ў невядомасьці на выпадак магчымай зьмены ўлады, але перш за ўсё таму, што ў іх ёсьць сем’і, дзеці. І часьцяком гэтыя дзеці пражываюць на тэрыторыі Эўразьвязу, і калі хтосьці раптам зьверне ўвагу на супадзеньне прозьвішчаў, яны баяцца непрыемнасьцяў для сваіх дзяцей».

«Калі гэта сапраўды мела месца (выдаленьне ў апошні момант прозьвішча Аляксея Алексіна з санкцыйнага сьпісу. — РС), то зрабіў гэта хтосьці з службовых асобаў, якія працуюць у структурах Эўразьвязу. І гэта павінна было б стаць прадметам унутранага расьсьледаваньня ў апараце ЭЗ. Таму што, калі сьпіс узгоднены, ніводзін клерк ня мае права каго-небудзь выкрасьліць адтуль.

І яшчэ адна зьвязаная з гэтым заўвага: тое, што лабісты будуць дзейнічаць з двух бакоў, гэта трэба разумець. Так было мінулы раз, пасьля ўвядзеньня санкцый 2010–2011 гадоў; так, дарэчы, адбываецца заўсёды, калі якія-небудзь санкцыі ўводзяцца супраць расейскіх бізнэсоўцаў».

Ігар Ільяш:

«Я б ацаніў яго (санкцыйны сьпіс. — ЗС) як вельмі дзіўны. Таму што там ёсьць, напрыклад, два алігархі, набліжаныя да Лукашэнкі, — Шакуцін і Варабей. Пры гэтым няма больш адыёзнага алігарха — Алексіна.

Хто ведае спэцыфіку эканамічных узаемаадносін рэжыму Лукашэнкі, павінен разумець, што ў апошні час існуюць тры асноўныя алігархі, якія самыя важныя праекты выконваюць, якія атрымліваюць манаполіі ў пэўных сфэрах бізнэсу: Зайцаў, Варабей і Алексін. У тым ліку некаторыя праекты яны непасрэдна разам рэалізоўваюць, зьяўляюцца суўладальнікамі некаторых актываў. І тое, што туды ўваходзіць адзін зь іх, але пры гэтым не ўваходзяць два іншыя, асабліва Алексін, які, напрыклад, цалкам манапалізаваў рынак гандлю і продажу тытуню, гэта выклікае пытаньні. (…)

Таму мне здаецца, гэта нейкае палавіністае рашэньне. Хацелася б разумець, на якім узроўні і хто прасоваў саму думку, што Алексін і Зайцаў ня трапяць у гэты спіс, а Шакуцін і Варабей трапяць».

Цалкам матэрыял чытаць і глядзець тут.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG