Паводле сайту, які запрацаваў 2 сьнежня, зварот «супраць палітычных лёзунгаў і за мір» падпісалі 2326 чалавек на момант публікацыі. Аднак пры вывучэньні сьпісу падпісантаў паўстаюць шматлікія пытаньні.
У сьпісе — прозьвішчы чыноўнікаў
У сьпісе заўважылі дзясяткі прозьвішчаў, якія цалкам (разам з імёнамі і імёнамі па бацьку) супадаюць з такімі ў чыноўнікаў.
Так, у сьпісе фігуруе кандыдат у майстры спорту ў лёгкай атлетыцы Ўладзімер Базанаў, хоць чалавек з такім прозьвішчам — старшыня Беларускай фэдэрацыі футболу. Імя ягонага намесьніка Міхаіла Ботнікава суправаджаецца пазнакай: кандыдат у майстры спорту ў плаваньні.
Імёны і прозьвішчы шэрагу падпісантаў цалкам супадаюць з такімі ў чыноўнікаў раённых адміністрацый. У прыватнасьці, як паведамляе «Эўрарадыё», такіх футбалістаў, як Артур Стралец ці Аляксандар Гараўцоў, не знаходзіць нават пошукавік у інтэрнэце, затое людзі з такімі дадзенымі ўзначальваюць аддзел расьлінаводзтва і кіраўніцтва спраў Сьветлагорскага райвыканкаму. У сьпіс трапілі яшчэ некалькі чыноўнікаў і настаўнікаў са Сьветлагорску.
Фігуранты сьпісу адмаўляюцца ад подпісаў
Акрамя таго, ужо тры футбалісты заявілі пра тое, што ніякага звароту не падпісвалі. Гэта прадстаўнікі магілёўскага «Дняпра» Максім Хадзянкоў, Яўген Елязаранка і Ільля Ўдодаў. Елязаранка ў камэнтары спартоваму сайту «Трыбуна» катэгарычна заявіў, што подпісу ня ставіў. Паводле яго, хтосьці ўпісаў ягонае прозьвішча ў сьпіс, і гульцу «даводзіцца тлумачыць, што нічога не падпісваў».
Іншаземцы ў сьпісе
У сьпісе ёсьць і расейскія спартоўцы. Гэта хакеісты менскага «Юнацтва» Сяргей Бальшакоў, Уладзіслаў Бойка, Аляксей Вінаградаў, Максім Расьсейкін, Раман Таталін, Кірыл Цюцяеў.
Тэхнічныя пытаньні да сайту Athletes.by
Распрацоўнік сайтаў праверыў створаны для подпісаў сайт і на ўмовах ананімнасьці расказаў пра вынікі аналізу dev.by.
Па-першае, ліст немагчыма падпісаць праз інтэрнэт. Трэба запоўніць анкету, потым увесьці код пацьверджаньня, які павінен прыйсьці на пошту, але ён туды не адпраўляецца. Ёсьць падазрэньні, што сайт быў запушчаны адразу зь няспраўнай формай.
Па-другое, дадзеныя ў лісьце статычныя і, хутчэй за ўсё, уносяцца ў базу ручным спосабам. Калі б подпісы дадаваліся праз сыстэму, то гэта, хутчэй за ўсё, адбывалася б раўнамерна. На сайце ж падпісанты зьяўляюцца па некалькі соцень за адно абнаўленьне.
Прадстаўнікі беларускага спорту, якія адмовіліся падпісваць праўладны зварот і падпісалі іншы ліст, ініцыяваны Фондам спартовай салідарнасьці ў падтрымку новых выбараў і супраць гвалту, страчваюць тым часам працу ў нацыянальных камандах.
Такое разьвіцьцё падзей прагназавала кіраўніца Фонду Аляксандра Герасіменя.
На момант публікацыі ліст Фонду спартовай салідарнасьці за новыя выбары падпісалі 1260 спартоўцаў.