Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Галоўнакамандуючаму лепш відаць, дзе мяне выкарыстоўваць», — былы кіраўнік МУС Караеў


Юры Караеў
Юры Караеў

Чаму Юрыя Караева зьнялі з пасады міністра ўнутраных спраў і прызначылі памочнікам прэзыдэнта па Горадзенскай вобласьці? 

Днямі генэрал праводзіў «прамую лінію» у Слоніме. «Народная воля» вырашыла скарыстаццца момантам: балазе, Караеў сам зьняў слухаўку.

«Мне далі службовую кватэру. Сям’ю не перавёз, таму што ўсе дарослыя і працуюць. Усё неабходнае для спартанскага ладу жыцьця ёсьць: ложак, тэлевізар, канапа, кампутар, кухонныя прылады. У асноўным знаходжуся ў Горадні, часам выяжджаю на выходныя ў Менск. На 80% часу тут», — расказаў Юры Караеў пра побытавыя ўмовы.

На пытаньне пра адстаўку — маўляў, ці не прысьпешылі яе няпростыя адносіны з былым спэцназаўцам Дзьмітрыем Паўлічэнкам, якога падазраюць у ліквідацыі апанэнтаў улады — Юры Караеў адказаў так:

«Я ніколі не абмяркоўваю рашэньні галоўнакамандуючага і прэзыдэнта — яму лепш відаць, дзе мяне выкарыстоўваць. Ён ацэньвае мае прафэсійныя магчымасьці, здольнасьці... Вэрсію, пра якую вы кажаце, чую ўпершыню. У інтэрнэт імкнуся зазіраць радзей, каб псыхічнае здароўе зьберагчы, і толькі па справе — там, дзе ёсьць нейкая пагроза дзяржаўнасьці. А плёткі, хто да каго падабраўся, не чытаю наогул. І пра Дзьмітрыя Валер’евіча, і пра сябе ў прыватнасьці».

Пры гэтым дадаў, што насамрэч адстаўкі няма, ён працягвае служыць у органах унутраных спраў. Аднак цяпер вымушаны займаццца іншымі справамі: расстаноўкай кадраў, іх падборам, прызначэньнем.

Журналістка Марына Коктыш сярод іншага пацікавілася: калі была складаная сытуацыя ў канцы жніўня, зьявіліся здымкі з пабоямі і ўсе абмяркоўвалі беспрэцэдэнтны гвалт, чаму на сустрэчу з журналістамі ў Дом прэсы прыйшоў не міністар унутраных спраў, а ягоная прэс-сакратарка? Хоць у той час менавіта кіраўнік сілавога ведамства мусіў трымаць адказ за паводзіны сваіх падначаленых.

«Я маю іншы пункт гледжаньня на тую сустрэчу з журналістамі... Тады мне трэба было засяродзіць кіраўніцкія намаганьні там, дзе я лічыў патрэбным. Хоць барацьбу ў інфапрасторы адстаўляць ў бок нельга. І я выступаў — можа, ня так шмат, як вам хацелася, але пазыцыю сваю выказваў. Заўвагу прыму і больш крытычна над гэтым падумаю. Не скажу, што не паважаю вашу думку. Прыслухаюся на будучыню», — падсумаваў Юры Караеў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG