Рабочага абвінавацілі ў абразе генэрал-маёра міліцыі, на той момант міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева ў камэнтары да відэароліка на YouTube-канале «АГП-ТБ», паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна».
Менчука прызналі вінаватым у публічнай абразе кіраўніка МУС і прысудзілі 3 гады абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу (так званая «хімія»). У судовым працэсе сам камэнтар даслоўна агучаны ня быў, бо зьмяшчаў ненарматыўную лексыку, але сэнс яго зводзіўся да наступнага: «Караеў спалохаецца хутчэй, чым скажа прэзыдэнту, што будзе выконваць Канстытуцыю».
Крымінальную справу разглядала судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч. Сам пацярпелы генэрал на разгляд не зьявіўся. Да таго не прыходзілі ў суд у якасьці пацярпелых камандзір менскага АМАП Дзьмітры Балаба і экс-намесьнік міністра ўнутраных спраў Аляксандар Барсукоў. Двух мужчын на паставе іх заяваў таксама асудзілі паводле артыкулу 369 на абмежаваньне волі.
Паводле абвінавачаньня, Юры Карніловіч сваім камэнтаром да роліка палітыка Анатоля Лябедзькі на YouTube-канале «АГП-ТБ» «Пра генэрала, які здрэйфіў сустрэцца з грамадзянамі» «прынізіў гонар і годнасьць Караева, прычыніў яму маральныя пакуты, падарваў асабістыя і прафэсійныя якасьці, а таксама аўтарытэт органаў унутраных спраў у цэлым».
Юры Карніловіч прызнаў віну часткова, але заявіў, што ня лічыць свой камэнтар абразьлівым. На МАЗе ён працуе больш за 10 гадоў і падобныя выказваньні ў ягоным калектыве — нармальная зьява, на такія словы нават не зьвяртаюць увагу.
У матэрыялах крымінальнай справы былі далучаныя скрыншоты 970 камэнтароў да відэа пра Караева, у тым ліку Карніловіча.
Паводле менчука, да яго прыходзіў супрацоўнік спэцслужбаў і параіў напісаць новае паведамленьне, што ён просіць прабачэньня перад міністрам. Акрамя таго, праваахоўнікі запісалі зь ім «пакаяльнае відэа». Аднак у выніку яго пакаралі максымальна магчымай санкцыяй, прадугледжанай гэтым крымінальным артыкулам.