Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кароль Швэцыі прызнаў іх стратэгію барацьбы з ковідам няўдалай. У Беларусі швэдзкі падыход лічылі прыкладам


Парк у Стакгольме, красавік 2020
Парк у Стакгольме, красавік 2020

Пра гэта кароль Карл XVI Густаў заявіў у штогадовым звароце да народу

На думку манарха стратэгія барацьбы з каранавірусам, абраная краінай, была няўдалай. Яго словы прыводзіць брытанская Financial Times.

«Я думаю, што мы пацярпелі няўдачу. У нас шмат загінулых, і гэта жахліва,» — сказаў швэдзкі кароль.

Паводле яго словаў, адмова ад жорсткіх мераў прывяла ў Швецыі да большай, чым у суседзяў, колькасці памерлых ад інфэкцыі.

Швэцыя ня ўводзіла жорсткі каранцін і локдаўн на піку пандэміі COVID-19. У прыватнасьці, у краіне не зачынялі школы, рэстараны і спартовыя залі.

Прадстаўнікі беларускага міністэрства здароўя неаднойчы ўхвальна выказваліся пра швэдзкую стратэгію барацьбы з каранавірусам, яны адзначалі, што Швэцыя гэтак жа ўдала змагаецца з хваробай, як і Беларусь.

Між тым нават Андэрс Тэгнэл, галоўны ідэоляг швэдзкага падыходу да барацьбы з каранавірусам, яшчэ летам заявіў, што калі б ад пачатку было больш вядома пра гэтую хваробу, варта было б прымаць іншыя рашэньні.

Паводле дадзеных сайту worldometers, на 17 сьнежня ў Швэцыі паказьнік заражэньня ад пачатку эпідэміі склаў 35 тысячаў чалавек на мільён насельніцтва, а сьмяротнасьць ад вірусу — 779 чалавек на мільён насельніцтва.

Для параўнаньня: у суседніх Даніі і Нарвэгіі адносныя паказьнікі заражэньня склалі 21 тысячу і 8 тысячаў на мільён насельніцтва, адносныя паказьнікі сьмяротнасьці ад COVID-19 — 171 і 74 сьмерцяў на мільён насельніцтва.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG