Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Швэдзкі шлях барацьбы з COVID-19: ці апраўдвае сябе стратэгія даверу да насельніцтва


Сонечны дзень у Стакгольме
Сонечны дзень у Стакгольме

Стратэгія Швэцыі ў барацьбе супраць супраць пандэміі каранавірусу выразна мякчэйшая ў параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі. Ці будзе гэта ў выніку азначаць, што горшае для Швэцыі яшчэ наперадзе?​

Нягледзячы на тое, што большая частка сьвету тыднямі жыве са строгімі абмежаваньнямі, Швэцыя змагаецца з пандэміяй каранавірусу, ня ўводзячы локдаўну і не закрываючы прадпрыемстваў.

Межы Швэцыі застаюцца адкрытымі. Дзеці да 16 гадоў ходзяць у школы. Бары, рэстараны і кавярні могуць абслугоўваць кліентаў, калі «сталы расстаўленыя такім чынам, каб пазьбегнуць цеснаты». Працягваюць працаваць цырульні, трэнажэрныя залі і нават некаторыя кінатэатры. Грамадзянам рэкамэндуецца езьдзіць толькі пры неабходнасьці. Але забароны перамяшчэньня няма.

Па сутнасьці, стратэгія Швэцыі спалучае ў сабе некалькі абавязковых абмежаваньняў з рэкамэндацыямі добраахвотнага сацыяльнага дыстанцыяваньня.

Ад 1 красавіка наведваць дамы састарэлых забаранілі, музэі закрылі, спартовыя і культурныя мерапрыемствы скасавалі і загадалі не зьбірацца групамі больш як 50 чалавек. Школы і ВНУ пачалі ўводзіць дыстанцыйнае навучаньне.

Аднак у параўнаньні зь іншымі эўрапейскімі краінамі Швэцыя абмежавала жыцьцё насельніцтва не настолькі кардынальна — дазволіўшы большасьці выконваць свае штодзённыя абавязкі, ня ўводзячы локдаўну.

Стратэгія даверу да насельніцтва

Тым ня менш міністарка аховы здароўя Швэцыі Лена Галенгрэн настойвае, што жыцьцё ў Швэцыі — «гэта ўсё што заўгодна, але не „як звычайна“»:

Міністарка здароўя Швэцыі пра падыход сваёй краіны да барацьбы з COVID-19
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:02:43 0:00

— У нас тыя ж мэты, што і ў астатніх краінах: спыніць распаўсюд вірусу, абараніць уразьлівых і пажылых людзей з групы рызыкі. І ў нас тыя ж мэты і інструмэнты: забясьпечыць, каб людзі трымалі сацыяльную дыстанцыю, каб з найменшымі сымптомамі заставаліся дома. У нас ня ўсё ідзе па-старому: у нас шмат кавярняў, бараў без кліентаў, і іх трэба зачыняць. Вучні старэйшых клясаў і студэнты вучацца онлайн. 30–40% працаздольнага насельніцтва Швэцыі працуе дыстанцыйна, а людзі, якім больш за 70, застаюцца дома, маючы вельмі мала кантактаў, для іх робяць пакупкі і г.д. Такім чынам, у нас няма локдаўну ці спыненьня ўсяго, але мы ўвялі шмат рэчаў, якіх не было яшчэ некалькі тыдняў таму, — сказала міністарка ў інтэрвію Радыё Свабода.

На пярэчаньні, што, мяркуючы па фота са Стакгольму, людзі не трымаюць дыстанцыі паміж сабой, Лена Галенгрэн адказвае:

— Так, часам вы можаце ўбачыць нейкую рэстарацыю, дзе зашмат людзей. Таму апошнім часам мясцовыя ўлады мусілі зачыняць рэстарацыі, якія не выконвалі патрабаваньняў адлегласьці. Але ў асноўным швэды вельмі адказныя. У нас прыкладна на 60% менш людзей у прыгарадным транспарце... І выдзелена шмат дадатковых сродкаў у бюджэце, каб дапамагчы людзям, якія хварэюць ці губляюць працу.

Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>

Стратэгія краіны абапіраецца на давер, што жыхары Швэцыі «возьмуць на сябе асабістую адказнасьць», — кажа Галенгрэн.

— Многія эўрапейскія краіны праводзяць дэбаты і дыскусіі, ці здымаць абмежаваньні, як пачаць стратэгію выхаду. У нас у Швэцыі такіх дэбатаў няма. Гэта ня тое, што патрэбна цяпер, бо нам трэба захаваць меры, якія маем, і гэта адна з важных частак нашай працы. Швэдзкая стратэгія — гэта пераканацца, што ўсе віды нашых рэкамэндацый і заканадаўчых захадаў працягваюць выконвацца. Людзі будуць жыць з гэтым ня некалькі тыдняў, а, верагодна, многія месяцы.

Неапраўданая рызыка?

Хоць падыход ураду дагэтуль быў папулярны ў большасьці швэдаў, ня ўсе згодныя з тым, што ён адпавядае ўзроўню рызыкі.

У канцы сакавіка каля 2000 швэдзкіх дасьледнікаў падпісалі пэтыцыю, у якой заклікалі ўрад «неадкладна ўжыць захады для выкананьня рэкамэндацый Сусьветнай арганізацыі здароўя» па барацьбе з каранавірусам. Сярод падпісантаў — старшыня Нобэлеўскага фонду Карл Генрык Гелдын.

Пэтыцыя заклікала Швэцыю ўвесьці захады, якія строга абмяжоўваюць кантакт паміж людзьмі і значна ўзмацняюць магчымасьці сыстэмы аховы здароўя для праверкі людзей на заражэньне. У ёй гаворыцца, што спроба «стварыць калектыўны імунітэт, гэтаксама як гэта адбываецца падчас эпідэміі грыпу, мае нізкую навуковую падтрымку».

Галоўны дзяржаўны эпідэміёляг Андэрс Тэгнэл адмаўляе, што швэдзкая стратэгія, сутнасьць якой — «добраахвотнае супрацоўніцтва і індывідуальная адказнасьць», накіраваная на стварэньне «калектыўнага імунітэту» — сытуацыі, калі большасьць насельніцтва выпрацавала ўстойлівасьць да хваробы і забясьпечыла ўскосную «калектыўную абарону» тым, хто не атрымаў імунітэту. Насамрэч навукоўцы дагэтуль ня ведаюць, ці будзе ў інфікаванага чалавека, які вылекаваўся ад COVID-19, імунітэт і ці ня зможа ён заразіцца зноў.

Паводле аднаго зь нядаўніх дасьледаваньняў у Швэцыі, да пачатку траўня пад узьдзеяньне каранавірусу падпала траціна 10-мільённага насельніцтва краіны. На пытаньне, ці дапаможа стратэгія Швэцыі супрацьстаяць магчымай другой хвалі эпідэміі, Тэгнэл адказвае, што «гэта, безумоўна, адаб’ецца на хуткасьці памнажэньня і запаволіць распаўсюджваньне». Большасьць экспэртаў у Швэцыі згодныя, што «нейкі імунітэт у нас абавязкова будзе, таму што многія людзі, якім рабілі тэсты, выпрацавалі антыцелы», — кажа Тэгнэл.

Прававая сыстэма супраць локдаўну

Як дарадца ў пытаньнях палітыкі, які кіруе стратэгіяй Швэцыі, Тэгнэл кажа, што менавіта прававая база ў краіне не дазволіла практычна ажыцьцявіць поўнае закрыцьцё ад самага пачатку. «Мы можам увесьці абмежаваныя карантынныя захады, але юрыдычна немагчыма заблякаваць гарады і рэгіёны, ня кажучы ўжо пра ўсю краіну», — заявіў Тэгнэл швэдзкаму выданьню The Local.

Тэгнэл таксама сьцьвярджае, што ўспышка каранавірусу ў Швэцыі параўнальная зь іншымі эўрапейскімі краінамі, якія ўвялі абавязковы локдаўн. Паводле стану на 30 красавіка ў 10-мільённай Швэцыі зарэгістравана 20 302 пацьверджаныя выпадкі каранавірусу і 2462 сьмерці. Такі ўзровень заражэньня і сьмяротнасьці параўнальны з Ірляндыяй — краінай, дзе існуе жорсткі локдаўн (хоць яе насельніцтва ўсяго 6,5 млн) .

Але ў параўнаньні з Чэскай Рэспублікай, дзе практычна столькі ж насельніцтва, колькі і ў Швэцыі, але ўведзеныя строгія абмежаваньні, — швэдзкія лічбы выглядаюць даволі змрочна: чэхі зарэгістравалі ўсяго 7581 інфікаванага і 227 сьмерцяў на 30 красавіка. Паводле ўсясьветнай базы дадзеных каранавірусу, якую вядзе Ўнівэрсытэт Джонса Гопкінса, сьмяротнасьць у Швэцыі складае 23 на 100 000 чалавек — гэты паказьнік лепшы, чым у Бэльгіі (64), Гішпаніі (51), Італіі (45), Францыі (35), Вялікай Брытаніі (31) і Нідэрляндах (27). Усе гэтыя эўрапейскія краіны ўводзілі абавязковыя абмежаваньні, у тым ліку закрывалі школы і прадпрыемствы, а цяпер пачынаюць паступова аслабляць локдаўн.

Пік яшчэ ня пройдзены

У той жа час швэдзкая міністарка здароўя Лена Галенгрэн прызнае, што яе краіна, верагодна, яшчэ не прайшла піку захворваньня:

— Я не кажу, што ў нас ужо мінуў пік. Але ў швэдзкай стратэгіі вельмі важным было таксама згладзіць крывую і забясьпечыць, каб сыстэма аховы здароўя магла справіцца з усімі, хто мае патрэбу ў ахове здароўя і інтэнсіўнай тэрапіі. І ў нас далей ёсьць вольныя месцы і ложкі ў шпіталях і рэанімацыях. І гэта вельмі важна, каб людзі як зь лёгкімі сымптомамі, так і са значна больш сур’ёзнымі мелі апеку ў сфэры аховы здароўя.

Галенгрэн дадае, што ўрад Швэцыі «заўсёды гатовы» ўзмацніць абмежаваньні ў галіне аховы здароўя ў будучыні — асабліва пасьля таго, як заканадаўства, прынятае ў першы тыдзень красавіка, пашырыла паўнамоцтвы ўраду, дазволіўшы яму ўжываць больш жорсткія экстраныя захады.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG