Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскую пэнсіянэрку, якая ўкусіла амапаўку, пакаралі 2 гадамі «хатняй хіміі». За тое, што яе пабілі, справы няма


Марына Палікарпава
Марына Палікарпава

У судзе Ленінскага раёну Горадні вынесьлі прысуд Марыне Палікарпавай — 2 гады хатняй «хіміі». Зь яе спагналі і грошы за «маральную шкоду» супрацоўніцам АМАПу.

Жанчыну абвінавацілі паводле арт. 364 Крымінальнага кодэксу за гвалт над супрацоўніцамі АМАПу. 17 сьнежня адбылося чацьвёртае пасяджэньне ў справе, ужо з вынясеньнем прысуду, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна». У заключным пасяджэньні дапыталі судова-мэдычнага экспэрта, дасьледавалі адміністрацыйную справу і праглядзелі відэаматэрыялы.

Справу разглядаў судзьдзя Руслан Гурын. Абвінавачаньне прадстаўляў пракурор Мікіта Мысьлівец. Пацярпелымі сьледзтва прызнала Дар’ю Бандарчук і Марыю Мазуркевіч з АМАПу.

Мысьлівец запатрабаваў для Марыны Палікарпавай 2,5 года абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову. Дзяржаўны абвінаваўца таксама прасіў спагнаць з жанчыны суму маральнай шкоды і выдаткі на экспэртызу — 440 рублёў 40 капеек.

Адвакатка Палікарпавай Кацярына Грыцкевіч заявіла, што доказамі папярэдняга і судовага сьледзтваў віна Палікарпавай не даказаная, а яе затрыманьне 9 жніўня незаконнае.

У апошнім слове Марына Палікарпава сказала:

«Часткова прызнаю сваю віну, я эмацыйна абараняла сябе і сваё жыцьцё. Канфлікт паўстаў праз тое, што Бандарчук і Мазуркевіч абразілі мяне ў грубай і нецэнзурнай форме. Прашу суд улічыць усе абставіны: хадайніцтвы і мой 35-гадовы досьвед працы».

Судзьдзя Руслан Гурын прызначыў Марыі Палікарпавай пакараньне ў выглядзе 2 гадоў абмежаваньня волі без накіраваньня ў папраўчую ўстанову — так званай хатняй «хіміі». А таксама пастанавіў спагнаць з асуджанай пэнсіянэркі 3000 рублёў на карысьць пацярпелых Бандарчук і Мазуркевіч, дзяржаўнае мыта, а таксама выдаткі на экспэртызу.

Справа датычыла падзеяў вечара 9 жніўня. Тады фармацэўта Марыну Палікарпаву затрымалі і жорстка пабілі дзьве прадстаўніцы АМАПу — Дар’я Бандарчук і Марыя Мазуркевіч. Але крымінальную справу пачалі менавіта на пацярпелую Палікарпаву.

Дасюль у Беларусі няма ніводнай крымінальнай справы супраць супрацоўнікаў сілавых структураў па фактах забойстваў і катаваньняў дэманстрантаў. А шэраг пратэстоўцаў адправілі за краты з крымінальнымі прысудамі за пратэсты.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG