Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Псыхоляга Сьвятлану Дзядову забралі ў апошні дзень карантыну і засудзілі на 14 дзён арышту


Псыхоляг Сьвятлана Дзядова, фота з прыватнага архіву
Псыхоляг Сьвятлана Дзядова, фота з прыватнага архіву

Да сямейнага псыхоляга Сьвятланы Дзядовай прыйшлі дахаты зь ператрусам. Забралі бел-чырвона-белы парасон, сьцягі, ноўтбукі і саму Сьвятлану. Ёй далі 14 дзён арышту паводле артыкула 23.34. Цяпер яна знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсьціна. Яе сын Станіслаў падаваў заяву ў СК пра пабіцьцё сілавікамі ў жніўні.

«Сканфіскавалі бел-чырвона-белы парасон, два сьцягі»

Паводле Ўладзімера, мужа Сьвятланы, зь ператрусам прыйшлі раніцай 11 сьнежня. Сілавікі прыгразілі ўзламаць дзьверы.

«Яны шырока расчынілі дзьверы, адразу каманда "На падлогу! Рукі за сьпіну!". Каманду сілавога захопу адпусьцілі, засталіся тры чалавекі, якія прад’явілі ордэр на вобшук. Сказалі, што прыйшлі да Сьвятланы Дзядовай у рамках справы аб "масавых беспарадках". Маўляў, ператрус у нашай кватэры можа дапамагчы ў гэтай справе, хаця ніхто з нас ня ёсьць падазраваным ці сьведкам. Яны сказалі, што шукаюць зброю, наркотыкі і фальшывыя грошы», — сказаў Свабодзе Уладзімер.

Пасьля ператрусу сканфіскавалі бел-чырвона-белы парасон, два сьцягі (адзін з «Пагоняй»), пяць старых і новых ноўтбукаў. Сьвятлану сьледчыя забралі ў РУУС «на апытаньне».

«Сьвятлана падкрэсьліла, што мы на карантыне, на каранавірус хварэў сын Стась. Гэта быў у нас апошні дзень карантыну, а ў Стася ён да 14 сьнежня. Гэта іх спачатку ўразіла, яны кудысьці патэлефанавалі і спыталі, ці затрымліваць. Ім, відаць, пацьвердзілі, і Сьвятлану забралі».

Потым высьветлілася, што Сьвятлану затрымалі ў адміністрацыйнай справе паводле артыкула 23.34 і вязуць у турму на Акрэсьціна. 14 сьнежня суд Савецкага раёну прысудзіў ёй 14 содняў. У пратаколе гаварылася, што Сьвятлана брала ўдзел у акцыі 1 лістапада «у групе, абазначанай бел-чырвона-белай сымболікай».

Сьведка Бельскі, які быў у балаклаве, сказаў, што бачыў яе на адлегласьці 30 мэтраў. Таксама ў матэрыялах справы фігуруе допіс Сьвятланы з чату, дзе яна апавядае, як 1 лістапада хавалася ў Макдональдсе: «Ну... спачатку і нават больш за паўгадзіны мы там хаваліся. Пачалі яны зачыняць, калі мы сыходзілі, у Маку (McDonald’s. — РС) на гэты момант засталося вельмі мала людзей. І нікога не выганялі».

«На судзе я не пачуў, адкуль узяўся гэты допіс. Але гэта была асноўная зачэпка для абвінавачаньня», — кажа Ўладзімер.

У Сьвятланы хворая маці ў Смалявічах, якую яна мусіць наведваць амаль штодня. Паводле Ўладзімера, на прадстаўленыя мэдычныя дакумэнты аб гэтым судзьдзя не зважала.

Перад ператрусам у двор дому, дзе жывуць Дзядовы, прыяжджалі супрацоўнікі міліцыі, якія фатаграфавалі вокны зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

«Гэта запалохваньне актыўных людзей, калі затрымліваюць вядомага ў двары чалавека, якога ўсе ведаюць», — кажа Ўладзімер.

«Зрабілі звычайную адпіску»

23-гадовы Станіслаў Дзядоў яшчэ 27 жніўня падчас сустрэчы жыхароў Усходняй выбарчай акругі № 107 Менску з дэпутатам Генадзем Давыдзькам расказаў публічна пра катаваньні падчас затрыманьня. Яму вылілі на галаву белую фарбу, білі па сьпіне і нагах, ён вымушаны быў пасьля вызваленьня з Акрэсьціна хадзіць з мыліцамі. На сустрэчы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Давыдзька сказаў, што тыя, хто зьдзекаваўся з Стася, «павінны быць пакараныя». Дэпутат паабяцаў «штосьці зрабіць». Аднак дагэтуль Генадзь Давыдзька не адказаў на фармальны запыт хлопца. Раней Стась таксама падаваў скаргу на катаваньні ў Сьледчы камітэт. Адтуль прыйшла папера, што «праверка прыпынена».

«Вынік такі, што зрабілі звычайную адпіску, як і ўсім, маўляў праведзена 700 экспэртызаў, а больш за 200 не завершаныя. Я двойчы езьдзіў у Сьледчы камітэт і яны запісвалі мае паказаньні. Але наколькі на іх ціснуць зьверху, каб яны не распачыналі справу?»

Паводле праваабаронцаў, пасьля выбараў зарэгістравана больш за 500 выпадкаў катаваньняў, у сьледчыя органы падалі заявы пра гвалт 1800 чалавек. Аднак па гэтых фактах пакуль не пачаталі ніводнай крымінальнай справы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG