У лісьце Віктар Чайчыц прапанаваў тэрытарыяльным калегіям вывучаць публікацыі адвакатаў у інтэрнэце на прадмет іх адпаведнасьці дзейнаму заканадаўству. Лойка адзначыў, што зьмест ліста яго насьцярожыў, бо «напісаны ў кантэксьце, які перажывае краіна з пачатку выбарчай кампаніі».
Адвакат нагадаў, што дасюль не заведзена ніводнай крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў сілавых структур па фактах катаваньняў. Таксама грамадзкасьць ня ведае ніводнага факту дысцыплінарнай справы на прадстаўнікоў судзейскага корпусу, якія «адпраўлялі правасудзьдзе ў падвале гэстапа на Акрэсьціна».
У публічнай прасторы, па словах Лойкі, зьявіліся выказваньні генпракурора аб тым, што ў крымінальных справах аб «парушэньні грамадзкага парадку» пракуроры настроены браць фігурантаў адразу пад варту і прасіць для іх у судах самыя суворыя і максымальныя віды пакараньня.
«У такім жа духу напісаны ліст кіраўніка Беларускай рэспубліканскай калегіі адвакатаў. З улікам такой пазыцыі, эфэктыўнай абароны фігурантаў крымінальных спраў мы ня зможам убачыць у прынцыпе».
Юрыст «Вясны» падкрэсьлівае, што кіраўніцтва адвакатуры працуе «ва ўнісон з органамі, легітымнасьць дзейнасьці якіх пастаўлена грамадзтвам пад сумнеў». На думку праваабаронцы, кіраўніцтва БРКА фактычна забараняе даваць ацэнку злачыннай бязьдзейнасьці праваахоўных органаў, парушэньня прэзумпцыі невінаватасьці і прынцыпаў крымінальнай адказнасьці.
«Заклік кіраўніка БРКА адсочваць публікацыі адвакатаў у сацыяльных сетках і СМІ — прамое ўмяшаньне ў свабоду выказваньня думак адвакатаў, бо яго зьмест аказвае паралізуючы эфэкт на ўсю адвакацкую супольнасьць. Пасьля гэтага ліста, на мэце якога „закрыць раты“ адвакатам, скароціцца колькасьць ахвочых выказацца. [...] Фактычна ліст кіраўніка БРКА — спроба спыненьня дыскусіі аб грамадзка значных праблемах і фактах».
Трывогу Аляксея Лойкі выклікае й тое, што кіраўнік Чайчыц заклікаў «даносіць» на кожнага адваката, які выкарыстоўвае публічную прастору для крытыкі таго, што адбываецца ў Беларусі пасьля 9 жніўня. Хоць «з боку кіраўніка БРКА было б больш лягічна пачуць заклік да карпаратыўнай салідарнасьці ў адвакацкай супольнасьці».
Падставай да падобных заклікаў, на думку Лойкі, маглі б стаць масавыя парушэньні правоў адвакатаў і правоў іх кліентаў на абарону, нядопуск адвакатаў да падабаронных у ізалятарах, адвольнае затрыманьне абаронцы Марыі Калесьнікавай Людмілы Казак і незаконнае прыцягненьне яе да адміністрацыйнай адказнасьці, а таксама пазбаўленьне ліцэнзіі абаронцы палітвязьняў Марыі Калесьнікавай і Віктара Бабарыкі Аляксандра Пыльчанкі.