Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Горадні майстэрню пры дзіцячым госьпісе выселілі з памяшканьня праз суд


Суд па справе госьпісу (фота зь першага паседжаньня ў пачатку сьнежня). Зьлева прадстаўнікі камбінату школьнага харчаваньня, справа работнікі госьпісу. Падтрымаць госьпіс прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.
Суд па справе госьпісу (фота зь першага паседжаньня ў пачатку сьнежня). Зьлева прадстаўнікі камбінату школьнага харчаваньня, справа работнікі госьпісу. Падтрымаць госьпіс прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

З майстэрняй пры дзіцячым госьпісе, дзе шылі ахоўныя сродкі для мэдыкаў, перарвалі дамову арэнды датэрмінова. Госьпіс мае заплаціць штраф – больш за 1,6 тысячы рублёў. Грамадзянскую справу разгледзеў эканамічны суд Горадні 15 сьнежня.

Справу разглядаў судзьдзя Эдуард Кароль.

Пазоў на госьпіс падаў камбінат школьнага харчаваньня, у будынку якога працавала майстэрня.

Суд вырашыў, што дамову арэнды трэба перарваць у канцы сьнежня. Да таго ж госьпіс мае сплаціць штраф памерам 1671 рубель 57 капеек — гэта арэндная плата за тры месяцы. Госьпіс таксама павінен аплаціць судовыя выдаткі — больш за 1 тысячу рублёў.

Сёлета супрацоўнікі, выхаванцы і валянтэры дзіцячага госьпісу бясплатна пашылі тысячы ахоўных касьцюмаў для мэдыкаў. У чэрвені старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой перадаў у карыстаньне пад майстэрню будынак камбінату школьнага харчаваньня, які стаяў закінуты. На ўрачыстае адкрыцьцё запрасілі гасьцей. Гой дзякаваў госьпісу і паабяцаў, што горад возьме аплату камунальных паслуг на сябе. Перад гэтым майстэрню фактычна выгналі з будынка дзіцячай паліклінікі, дзе працуе госьпіс.

Аднак у верасьні работнікі госьпісу ня здолелі трапіць у будынак майстэрні па новым адрасе. Паводле іх, нехта памяняў замкі. Каб вызваліць зачыненага ў памяшканьні ката, давялося выклікаць міліцыю і работнікаў камбінату школьнага харчаваньня.

На судзе прадстаўніцы камбінату школьнага харчаваньня расказалі, што камбінат падаў позву ў суд, каб майстэрня датэрмінова зьехала зь іхнага будынку, бо госьпіс займаўся нестатутнай дзейнасьцю — шыў халаты і маскі. Да таго ж будынак спатрэбіўся камбінату пад кандытарскі цэх. Камбінат прасіў суд спагнаць з госьпісу штраф 1671 рубель 57 капеек. Прадстаўнікі камбінату паведамілі, што за майстэрняй засталася запазычанасьць за камунальныя паслугі — больш за 2,5 тысячы рублёў. Яе госьпіс вяртаць ня будзе.

Дырэктарка горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка ў кастрычніку зьехала за мяжу празь перасьлед, ёй пагражалі забраць зь сям’і дзяцей.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG