Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Горадзенскую майстэрню, дзе шылі камбінэзоны для мэдыкаў, выгналі з памяшканьня


Архіўнае фота. Міліцыя на тэрыторыі будынка, дзе працавала майстэрня
Архіўнае фота. Міліцыя на тэрыторыі будынка, дзе працавала майстэрня

У горадзенскай майстэрні, дзе шылі сродкі абароны для мэдыкаў падчас эпідэміі каранавірусу, забралі будынак. Тры месяцы таму гарадзкія ўлады ўрачыста перадалі яго валянтэрам.

Майстэрня працавала з красавіка пры горадзенскім дзіцячым госьпісе. Кіраўніцтва дзіцячай паліклінікі № 2, у будынку якой працуе госьпіс, а таксама кіраўніцтва цэнтральнай горадзенскай паліклінікі вымусіла майстэрню зьехаць.

Дырэктарка дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка падчас апошняга канфлікту з камбінатам школьнага харчаваньня
Дырэктарка дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка падчас апошняга канфлікту з камбінатам школьнага харчаваньня

У чэрвені гарадзкія ўлады перадалі валянтэрам закінуты раней будынак. Ён належаў камбінату школьнага харчаваньня. Валянтэры за паўгода пашылі тысячы камбінэзонаў, халатаў, бахілаў. Бясплатна перадавалі іх мэдыкам у шпіталі Горадзенскай вобласьці.

Аднак у канцы верасьня валянтэры некалькі разоў не маглі трапіць у будынак, дзе шылі ахоўныя сродкі, — перастаў пасаваць ключ. Толькі калі выклікалі міліцыю, прыяжджалі прадстаўнікі камбінату школьнага харчаваньня і адчынялі ім дзьверы.

Архіўнае фота. Прадстаўнік камбінату школьнага харчаваньня сварыцца з валянтэрамі
Архіўнае фота. Прадстаўнік камбінату школьнага харчаваньня сварыцца з валянтэрамі

Урэшце кіраўніцтва камбінату, якому па-ранейшаму належыць будынак, вымусіла майстэрню забраць рэчы і зьехаць. Камбінат нібыта плянуе адкрыць у гэтым будынку кандытарскі цэх.

У дзіцячага госьпісу ёсьць дамова на карыстаньне будынкам да канца году.

Паводле дакумэнтаў, майстэрня можа працаваць у будынку да канца году
Паводле дакумэнтаў, майстэрня можа працаваць у будынку да канца году

Дырэктар камбінату школьнага харчаваньня Сяргей Дэмбіцкі ў адказ на званок журналіста БелаПАН кінуў слухаўку.

Майстэрня аднавіла працу ў будынку дзіцячай паліклінікі № 2, аднак адтуль іх таксама просяць зьехаць, бо яны займаюць зону агульнага карыстаньня. Горадзенскі дзіцячы госьпіс тэрмінова шукае новае памяшканьне, дзе зможа працаваць майстэрня шыцьця засьцерагальных сродкаў.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная з выкарыстаньнем інфармацыі БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG