Канфлікт у горадзенскім дзіцячым госьпісе, які пагражаў спыніць валянтэрскую дапамогу мэдыкам, вырашыўся. У сытуацыю ўмяшаўся старшыня горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой.
Найбуйнейшая валянтэрская пляцоўка, дзе шыюць засьцерагальныя сродкі, аказалася пад пагрозай закрыцьця. Валянтэры раней працавалі на базе Горадзенскага дзіцячага госьпісу ў майстэрні людзей з інваліднасьцю. За месяц там пашылі каля 700 камбінэзонаў. Усё бясплатна перадавалі мэдыкам.
19 траўня намесьнік галоўнага лекара Горадзенскай цэнтральнай гарадзкой паліклінікі Алег Перагарулька прапанаваў майстэрні зьехаць у іншае месца, бо яна перашкаджае паліклініцы, у якой месьціцца госьпіс. Пераяжджаць майстэрні не было куды.
На наступны дзень пра сытуацыю даведаўся старшыня Горадзенскага гарвыканкаму Мечыслаў Гой. Ён прыехаў у госьпіс і паабяцаў валянтэрам зручную пляцоўку зь безбар’ерным асяродзьдзем, і то бясплатна. Прапанавалі памяшканьне ў лесапарку Пышкі, зрабілі там рамонт.
Як паведаміла каардынатарка майстэрні людзей з інваліднасьцю Сьвятлана Пінчук, яны ўжо пераехалі ў новае памяшканьне. Цяпер даводзяць яго да ладу, прыбіраюць, перавозяць мэблю. І ўжо зноў шыюць камбінэзоны.
Горадзенскі дзіцячы госьпіс працуе і надалей па ранейшым адрасе.