Ініцыятары прапануюць скасаваць двухпалатны парлямэнт і вярнуцца да Вярхоўнага Савету, рэфармаваць ЦВК, пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў, паведамляе БелаПАН.
Створаная ў верасьні з ініцыятывы штабу экс-кандыдата ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай рабочая група для падрыхтоўкі праекту новага Выбарчага кодэксу на круглым стале ў Менску празэнтавала папярэдні варыянт дакумэнту.
Асноўныя прапановы прадставіў сябра палітычнай рады Аб’яднанай грамадзянскай партыі Леў Марголін. Паводле яго, працоўная група ставіла перад сабой задачы:
- выключэньня з Выбарчага кодэксу нормаў, якія не працуюць;
- скасаваньне двухпалатнай сыстэмы парлямэнту і аднаўленьне Вярхоўнага Савету;
- ліквідацыя суб’ектнасьці працоўных калектываў пры вылучэньні кандыдатаў і назіральнікаў на выбарах усіх узроўняў;
- адмена магчымасьці адкліканьня дэпутата і спрашчэньне структуры выбарчых акругаў.
З агульнай часткі ВК прапанавана прыбраць спасылку на іншыя заканадаўчыя акты, даць актыўнае выбарчае права асуджаным з захаваньнем іх пазбаўленьня пасіўнага права быць выбранымі.
Пры парляменцкіх выбарах — увесьці зьмяшаную выбарчую сыстэму: 110 дэпутатаў выбіраць паводле мажарытарнай сыстэмы і столькі ж па адзінай шматмандатнай акрузе ад палітычных партый.
На думку распрацоўнікаў праекту, абласныя і менскую гарадзкую выбарчую камісіі трэба фармаваць толькі для правядзеньня выбараў у мясцовыя саветы.
Прапануецца значна пашырыць правы і магчымасьці назіральнікаў, у тым ліку на атрыманьне інфармацыі, фота- і відэаздымку, назіраньне за датэрміновым галасаваньнем, а таксама скараціць паўнамоцтвы прэзыдэнта ў дачыненьні да выбараў і рэфэрэндумаў.
На круглым стале таксама вылучылі прапановы і аб іншых пунктах Выбарчага кодэксу.
- увядзеньне інстытуту прыняцьця прысягі і пісьмовага абавязаньня сябрамі выбаркамаў;
- зьмяненьне парадку фармаваньня Цэнтарвыбаркаму: 6 чалавек могуць дэлегавацца парлямэнтам і 6 — па адным ад кожнай вобласьці. Цяпер сябраў ЦВК прызначае прэзыдэнт, а таксама выбірае Савет Рэспублікі;
- замацаваць права партый на прызначэньне прадстаўнікоў у акруговыя, тэрытарыяльныя і ўчастковыя камісіі па выбарах, дазволіць перадвыбарчую агітацыю ў пэрыяд збору подпісаў;
- захаваць апавяшчальны парадак правядзеньня масавых мерапрыемстваў у рамках выбарчых кампаній, калі чакаецца больш за 100 удзельнікаў акцыі;
- зрабіць абавязковым удзел кандыдатаў у прэзыдэнты ў дэбатах у жывым этэры, да 10 разоў павялічыць гранічны памер выбарчых фондаў кандыдатаў;
- скарачэньне пэрыяду датэрміновага галасаваньня і ўвядзеньне дакумэнтальнага пацьверджаньня неабходнасьці прагаласаваць датэрмінова;
- удакладненьне парадку захоўваньня скрыняў для галасаваньня;
- увядзеньне вычарпальнага пераліку прычын для галасаваньня дома.
У праекце падрабязна расьпісалі парадак падліку галасоў выбарнікаў. Асноўныя яго элемэнты — дэманстрацыя прысутным кожнага бюлетэня і абвяшчэньне волевыяўленьня ў ім. Падлік галасоў павінен весьціся ўголас.
Таксама заплянавана скараціць неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты колькасьць подпісаў, а таксама норму аб тым, што прызначаць тэрытарыяльных каардынатараў ініцыятыўных групаў можна на думку прэтэндэнта.
Яшчэ адна ідэя праекту заключаецца ў тым, каб адсутнасьць у дэклярацыі маёмасьці, унесенай у афіцыйныя рэестры, за выключэньнем маёмасьці за мяжой, не была падставай для адмовы ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты.
У падрыхтоўцы папярэдняга варыянту новага Выбарчага кодэксу прынялі ўдзел прадстаўнікі 13 арганізацый і ініцыятыў: Кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў, партыі «Зялёныя», Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады, аргкамітэту па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя, руху «Краіна для жыцьця», руху «За свабоду», кампаніі «Права выбару», Моладзевага блёку, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, партыі БНФ, партыі левых «Справядлівы сьвет» і арганізацыі «Эўрапейскі дыялёг», а таксама асобныя грамадзяне.