Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэры беларускай апазыцыі выступілі ў Эўрапарлямэнце. Што яны сказалі?


Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі.
Будынак Эўрапарлямэнту ў Брусэлі.

16 сьнежня чакаецца ўручэньне лідэрам беларускай апазыцыі прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2020 год. Перад гэтай падзеяй Эўрапарлямэнт даў трыбуну ляўрэатам зь Беларусі.

Група беларускіх апазыцыянэраў, якія сталі ляўрэатамі прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2020 год, падкрэсьліла ў Эўрапарламэнце важнасьць падтрымкі эўрапейцамі пратэставага руху беларусаў, паведамляе агенцтва «​Інтэрфакс».

«Ваша падтрымка неацэнная. Я б хацела падзякаваць ад усяго сэрца кожнага з вас за кожны ўчынак, накіраваны на праяву салідарнасьці з намі. За тое, што вы разумееце, за што змагаецца Беларусь, і разумееце, што Эўропа ня можа застацца ў баку», — заявіла былая кандыдатка ў прэзыдэнты Беларусі Святлана Ціханоўская.

Яна разам са сваімі паплечнікамі – ляўрэатамі прэміі, якая будзе ім уручаная 16 сьнежня, выступіла ў панядзелак на сумесным пасяджэньні камітэтаў замежных спраў і разьвіцьця і падкамітэту правоў чалавека Эрапарлямэнту.

«Наступны год у нас будзе вельмі важны. Гэта ўжо відавочна, што барацьба будзе працягвацца. І ў гэтай сытуацыі нам, вядома ж, вельмі важныя вось такія сыгналы маральнай падтрымкі, як гэтая прэмія Сахарава, якая зьяўляецца маральнай падтрымкай для ўсяго беларускага народу, але таксама і іншыя як тэрміновыя, так і доўгатэрміновыя захады, якія прадстаўляюць нейкую міжнародную салідарнасьць і дапамогу», — сказаў праваабаронца і былы палітвязень Алесь Бяляцкі.

«Мы дзякуем Эўразвязу за тую пазыцыю, якую ён прыняў, ня лічачы Аляксандра Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, за падтрымку Каардынацыйнай рады. І мы просім вас працягваць падтрымліваць Беларусь, працягваць выказваць сваю салідарнасьць з палітычнымі вязьнямі, праводзіць слуханьні ў сваіх краінах аб сытуацыі ў Беларусі», — заявіла яшчэ адна ляўрэатка прэміі імя Сахарава Вольга Кавалькова.

Кавалькова таксама заклікала да выкарыстаньня пляцоўкі АБСЭ для дыялёгу паміж апазыцыяй і ўладамі з мэтай пераадоленьня палітычнага крызісу і да працягу санкцыйнага ціску на Лукашэнку і «тых людзей, якія ажыцьцяўляюць сёньня тэрор супраць уласнага народу».

Старшыня Эўрапейскага парлямэнту Давід Сасолі абвясьціў на пленарнай сэсіі 22 кастрычніка ляўрэатамі прэміі імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» за 2020 год прадстаўнікоў апазыцыі Беларусі.

Ён назваў імёны ляўрэатаў: ініцыятараў Каардынацыйнага рады беларускай — былога кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятлану Ціханоўскую, пісьменьніцу і нобэлеўскую ляўрэатку Сьвятлану Алексіевіч, а таксама актывістак Марыю Калесьнікаву, Вольгу Кавалькову, Вераніку Цапкалу. У лік ляўрэатаў таксама ўвайшлі Сяргей Ціханоўскі, Алесь Бяляцкі, Сяргей Дылеўскі, Сьцяпан Пуціла і Мікалай Статкевіч.

Прэмія імя Андрэя Сахарава «За свабоду думкі» прысуджаецца штогод асобам, якія ўнесьлі выключны ўклад у барацьбу за правы чалавека ва ўсім сьвеце.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG