За 17 дзён да новага году аб праекце бюджэту на наступны год нічога не чуваць. Летась і пазалетась у такі час бюджэт ужо абмяркоўвалі, праект быў апублікаваны.
У Міністэрстве фінансаў «інфармацыі, калі праект будзе апублікаваны і паступіць у Палату прадстаўнікоў, няма». Разьбіраемся, чаму сёлета працэс так зацягнуўся.
«Закрыта бюджэт абмяркоўваюць»
Бюджэт разглядаюць нашмат менш публічна, чым гэта было раней. Гэта заўважае дырэктар дасьледчага цэнтру ІПМ Аляксандар Чубрык.
«Калі ўкладаецца бюджэт, то трэба разумець, што будзе з эканомікай, які будзе рост. Заўсёды ёсьць розьніца паміж пажаданым ростам і аб’ектыўным. Міністэрства фінансаў заўсёды зыходзіла з найгоршага сцэнара. Калі раней можна было разважаць, дзе і што можна пазычыць, то цяпер развагі ідуць зусім па іншым сцэнары. Перад урадам і Мінфінам стаіць пытаньне, што закладаць у бюджэт», — кажа Аляксандар Чубрык.
Эканаміст зьвяртае ўвагу, што цяпер і перад бізнэсам, і перад чыноўнікамі паўстала няпэўнасьць, у якой галоўную ролю адыгрывае бягучы ўнутрыпалітычны крызіс.
«Такой няпэўнай сытуацыі яшчэ не было»
Урад пакуль сам ня ведае, што закладаць у бюджэт, мяркуе кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.
«Урад сам ня ведае, што будзе ў 2021 годзе, якія парамэтры закладаць: рост ВУП на 3,5% ці падзеньне, ці наагул будзе бюджэт зацягваньня паясоў. Такога ўзроўню няпэўнасьці яшчэ не было ў нашай гісторыі. Ад Расеі таксама няма чаго спадзявацца. Супрацу зь міжнароднымі арганізацыямі ўлада сама сабе абрэзала. Улада абнуліла давер сэктару ІТ, улада ня хоча ўводзіць палёгкі для кавярняў і рэстаранаў. Горшы варыянт — паглыбленьне рэцэсіі», — гаворыць Яраслаў Раманчук.
Ён кажа, што нейкі дакумэнт прымуць, але «ужо налета пачнуць яго карэктавацт».
Бюджэт на сёлетні год прынялі з дэфіцытам у 1 мільярд рублёў: выдаткі бюджэту перавышалі даходы на гэтую суму.