Сьледчы камітэт Расеі завочна выставіў абвінавачаньні літоўскім судзьдзям Віленскага акруговага суду за вырак грамадзянам Расеі ў справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году, паведамляецца на сайце расейскага СК.
Паводле дадзеных камітэту, абвінавачаньні ў вынясеньні заведама неправасуднага выраку больш як 50 расейскім грамадзянам (частка 2 артыкулу 305 КК) выстаўленыя супраць старшыні судовай калегіі акруговага суду Айноры Мацявічэне, судзьдзяў Віргініі Пакальніце-Тамашунайце і Артураса Шумскаса.
«Сьледзтвам прынятыя неабходныя захады для арганізацыі міжнароднага вышуку абвінавачваных», — гаворыцца ў паведамленьні.
Падзеі ў Вільні ў студзені 1991 году разгортваліся пасьля абвяшчэньня рэспублікай незалежнасьці. У сталіцу Літвы перакінулі байцоў спэцпадразьдзяленьня «Альфа», Пскоўскай дывізіі ПДВ і іншых частак. Савецкія войскі занялі некалькі будынкаў, у тым ліку Дом друку ў Вільні. Праціўнікі «аднаўленьня дзеяньня савецкай Канстытуцыі СССР» на тэрыторыі Літвы, выйшлі на вуліцы ахоўваць будынкі Вярхоўнага Савету, радыёцэнтру, тэлевежы і тэлефонных станцый. У адказ на гэта ў ноч на 13 студзеня дзьве калёны савецкай бранятэхнікі накіраваліся ў цэнтар Вільні і штурмавалі тэлевізійную вежу. Загінулі 13 чалавек, мінімум 140 (паводле іншых дадзеных — каля тысячы) былі параненыя.
Абвінавачаньні ў «злачынствах супраць чалавечнасьці і ваенных злачынствах» былі прад’яўленыя 67 грамадзянам Расеі, Беларусі і Ўкраіны. Большасьць зь іх прыцягнутыя да суду завочна, перад судом паўсталі толькі двое грамадзян Расеі — затрыманы ў Літве з 2014 году афіцэр Юры Мель і жыхар Вільні Генадзь Іваноў. Сярод завочна абвінавачаных былі былы міністра абароны СССР Дзьмітры Язаў, былы афіцэр КДБ Міхаіл Галаватаў, былы кіраўнік Віленскага гарнізону Савецкай арміі Ўладзімер Усхопчык (грамадзянін Беларусі).
Паводле вэрсіі пракуратуры Літвы, Язаў, Усхопчык, Галаватаў і іншыя савецкія дзеячы, цяпер ужо памерлыя (былы кіраўнік МУС СССР Барыс Пуга, старшыня КДБ Уладзімір Кручкоў, сакратар ЦК КПСС Алег Шэнін), стварылі «арганізаваную групу з мэтай вяртаньня Літвы ў склад СССР» .
Увесну 2019 году суд вынес прысуды ў гэтай справе. Юры Мель атрымаў сем гадоў пазбаўленьня волі, Генадзя Іванова асудзілі на чатыры гады пазбаўленьня волі. Язава суд завочна асудзіў на 10 гадоў пазбаўленьня волі, Галаватава — да 12 гадоў, Усхопчык атрымаў 14 гадоў пазбаўленьня волі.
На той момант прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце назвала вынесены Віленскім акруговым судом прысуд «бясконца важным момантам правасудзьдзя»: «Гэтая справа — вочная стаўка з праўдай, для высьвятленьня якой спатрэбілася шмат гадоў, якая каштавала шмат болю, цярпеньня і самаахвярнасьці».
Расея адмовілася супрацоўнічаць зь Літвой і адхіліла просьбу апытаць былога кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова (які патрабаваў аднаўленьня дзеяньня савецкай Канстытуцыі ў Літве і, паводле дадзеных літоўскай пракуратуры, аддаў загад страляць).
У 2018 годзе Сьледчы камітэт Расеі абвясьціў пра расьсьледаваньне справы адносна супрацоўнікаў пракуратуры і судзьдзяў Літвы.