27 сакавіка літоўскі суд завочна прыгаварыў былога намесьніка міністра абароны Беларусі Ўладзіміра Ўсхопчыка да 14 гадоў пазбаўленьня волі.
Прыгавор у справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году абвясьціў Віленскі акружны суд. Былога міністра абароны СССР Дзьмітрыя Язава і яшчэ больш як 60 былых савецкіх службовых асобаў прызналі вінаватымі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасьці за ўдзел у савецкай агрэсіі ў Вільні 13 студзеня 1991 году. Тады ў сталіцы Літвы ля тэлевізійнай вежы загінулі 13 грамадзян.
Да якіх высноваў прыйшоў Віленскі акружны суд
- «Згодна зь міжнародным правам, у 1940-1990 гадах Літоўская Рэспубліка была акупаванай дзяржавай», падзеі 1991 году былі агрэсіяй СССР супраць Літвы.
- Дзеяньні савецкіх вайскоўцаў у студзені 1991 году адпавядаюць прадугледжаным у міжнародным праве злачынствам супраць чалавечнасьці.
- Пры падрыхтоўцы захопу ў Вільні цывільных аб’ектаў у студзені 1991 году плянаваліся чалавечыя ахвяры. «Колькасьць вайскоўцаў, якія бралі ўдзел, і склад частак плянавалася з улікам колькасьці цывільных асобаў, што абараняюць абʼекты».
- Забойства цывільных асобаў у час ваеннай апэрацыі былі «не выпадковымі злачынствамі, а пасьлядоўна, загадзя сплянаванай і прадугледжанай часткай буйнамаштабнага і сыстэмнага нападу на мірных жыхароў для выкананьня палітыкі Савецкага Саюзу і яго партыйнай арганізацыі —камуністычнай партыі, мэтай якой было захаваць Літву ў складзе Савецкага Саюзу».
Сярод прызнаных літоўскім судоў ваеннымі злачынцамі ёсьць і былы намесьнік міністра абароны Беларусі Ўладзімір Усхопчык. Яму прысудзілі пакараньне ў выглядзе 14 гадоў пазбаўленьня волі.
Генэрал-лейтэнант Усхопчык, які ў 1991 годзе камандаваў Вільнюскім гарнізонам савецкай арміі, неўзабаве пасьля падзей 13 студзеня зьехаў у Беларусь, дзе пазьней даслужыўся да намесьніка міністра абароны. Літва накіроўвала беларускім уладам запыт на перадачу Ўсхопчыка, аднак афіцыйны Менск не задаволіў яго.
Свабода пагаварыла з Уладзімірам Усхопчыкам за дзень да прысуду ў ягонай справе. Былы савецкі камандзір працягвае адмаўляць сваю віну і праводзіць паралелі паміж падзеямі студзеня 1991 году ў Вільні з кіеўскім Майданам 2014 году.
«Мы абаранялі Канстытуцыю СССР»
«Мой погляд на гэтую справу даўно вядомы, — пачынае Уладзімір Усхопчык. — Гэта суцэльны падман. Перавярнулі ўсю гісторыю. Яны ніколі не прызнаюць, што ўсё было ня так. Што ўсе гэтыя мерапрыемствы падрыхтавалі спэцслужбы, гібель людзей. 14 чалавек, якіх прывезьлі з усёй Літвы. Цяпер прызнаць гэта — гэта пераварот. Адмаўленьне ўсяго таго, што было прыдумана. Якія ў мяне яшчэ могуць быць думкі?»
Відэа да 25-годзьдзя студзеньскіх падзеяў у Вільні
На думку Ўладзіміра Ўсхопчыка, суд над ім ды іншымі савецкімі камандзірамі патрэбен Літве таму, што гэта не самастойная краіна, яна выконвае чыесьці загады. Былы камандзір настойвае, што ў студзені 1991 году ля віленскай тэлевежы ягоныя падначаленыя ня мелі боепрыпасаў, а танкі стралялі ў паветра выключна халастымі зарадамі. Гэта рабілася толькі для таго, каб людзі разышліся.
«Хто ўначы людзей зьбірае? У 23 гадзіны каля тэлевежы? — пытаецца Ўладзімір Усхопчык. — Проста так прыйшлі, пакурыць? Хто іх там сабраў, навошта? Чаму кацілі гразь на Савецкі Саюз, на ўладу? Гэта ўсё было патрэбна амэрыканскім спэцслужбам, якія працавалі на развал СССР. Натуральна, яны ўзаемадзейнічалі з эўрапейскімі спэцслужбамі. Проста так падзеі не маглі пачынацца. А потым патураньне нашага вярхоўнага галоўнакамандуючага, Гарбачова. Які мог тады адразу ўсё прывесьці ў парадак. Пасьля гэтых падзей СССР існаваў яшчэ паўгода».
Уладзімір Усхопчык кажа, што нават не цікавіўся, якое яму выставілі абвінавачаньне. На яго думку, калі і судзіць некага ў гэтай справе, то пачынаць трэба з Гарбачова.
«Абвінавачваць савецкую армію, Узброеныя сілы, людзей, якія выконвалі свой абавязак... Суд вось зараз завяршаецца, — наракае Уладзімір Усхопчык. — Мелю (Юрый Мель, грамадзянін Расеі, быў затрыманы ў 2014 годзе на літоўска-расейскай мяжы, адзін з двух фігурантаў справы, якога змаглі затрымаць літоўскія ўлады. — РС) абвінавачаньне прад’явілі. Яны цяпер ад гэтага ўсяго не адмовяцца, яны будуць працягваць гэтую сваю палітыку. А я... Я нават ня ведаю, якое мне выставілі абвінавачаньне. Я думаю, што адно з самых важкіх. Таму што нават маршала Язава просяць прыгаварыць да пажыцьцёвага. А што маршал Язаў (былы міністар абароны СССР. — РС)? З Гарбачова тады трэба пачынаць. А Гарбачоў цяпер вышэй зорак. Сьмешны гэты працэс. І эўрапейскія дзяржавы таксама разумеюць, што гэты працэс сьмешны. Чаму ня судзяць 40-ю армію, якая была ў Аўганістане? Іх таксама трэба судзіць, значыць».
«Маглі наламаць дроваў, але не наламалі»
«Гэта была правакацыя, адна з разнавіднасьцяў каляровых рэвалюцый, — дагэтуль перакананы Ўладзімір Усхопчык. — Маленькі Майдан. Ва Ўкраіне паўтарылася тое самае, толькі ў больш шырокіх маштабах. Там стралялі тыя, каго прызначылі страляць. Тыя, хто хацеў гэты пераварот зрабіць, а ў Вільні наёмнікі. Са зброі, якой не было на ўзбраеньні ў маёй дывізіі».
Былы камандзір віленскага гарнізону савецкай арміі перакананы, што дзеяньні ягоных падначаленых спынілі значна больш крывавыя падзеі. Гаворыць, што толькі дзякуючы ім у Вільні ў студзені 1991 году не пралілася вялікая кроў. Пры гэтым дапускае, што дзеяньні савецкай арміі ў Вільні маглі б паўплываць на далейшы лёс СССР.
«Нас павінны ўзнагародзіць за тое, што мы тады не наламалі дроваў, — кажа Ўладзімір Усхопчык. — Маглі наламаць так, што... Тады, магчыма, штосьці і па-іншаму было б».
«Літве мяне ня выдадуць»
Разам з Уладзімірам Усхопчыкам у 1991 годзе ў Беларусь зьехала рэдактарка газэты «Савецкая Літва» Станіслава Юонене, а таксама два лідэры кампартыі Літвы — Мікалас Буракявічус і Юозас Ярмалавічус.
Двух апошніх арыштавалі ў Менску ў 1994-м і перадалі літоўскім уладам. Пасьля прыходу да ўлады ў Беларусі Аляксандра Лукашэнкі падобнае супрацоўніцтва з праваахоўнікамі Літвы спынілася. Уладзімір Усхопчык працягваў вайсковую службу ў арміі Беларусі. У 2000 годзе загадам Лукашэнкі быў прызначаны намесьнікам міністра абароны Беларусі. Ён кажа, што за ўсе гэтыя гады меў толькі адзін кантакт з праваахоўнымі органамі Літвы. Гэта здарылася неўзабаве пасьля паездкі Лукашэнкі ў Вільню.
«Мяне апошні раз дапытвалі ў 2010 годзе, — успамінае былы савецкі камандзір. — Пасьля таго, як „бацька“ наш (кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. — РС) быў у Літве, яму задалі пытаньне пра мяне. І ён калі вярнуўся, то сказаў: калі Ўсхопчык хоча адказваць на пытаньні, то хай адказвае. Мы самі ня бачым неабходнасьці ў гэтым. Я сказаў: калі хочуць, хай дасылаюць пытаньні. Літоўская пракуратура даслала больш за 60 пытаньняў, я адказаў на іх, паехаў у нашу пракуратуру. Адказаў на ўсе пытаньні, адказы накіравалі ў Літву. Чаму я павінен маўчаць? Я пайшоў на тое, каб адказаць. Зараз мяне ніхто нікуды не выклікаў».
Усхопчык расказвае, што нейкі час ягонае прозьвішча фігуравала ў базе Інтэрполу, аднак потым яго адтуль прыбралі, бо «Інтэрпол не займаецца палітычнымі справамі». Што будзе пасьля абвяшчэньня выраку Віленскага акружнога суду, былы камандзір ня ведае.
«Ці паўплывае прысуд на маё жыцьцё? У Літву дакладна не паеду, — кажа Ўладзімір Усхопчык. — Я і раней ня езьдзіў, чаго я туды паеду. У мяне ўсё нармальна, не дачакаюцца. Я магу перамяшчацца. У Расею паехаць, якія пытаньні? У Турцыі пазагараць магу. У Прыбалтыку нельга. Непажадана. Вось Мель паехаў, лейтэнант, па лекі... Зрабіў тры стрэлы пад вуглом 45 градусаў. Хворы на цукровы дыябэт і сядзіць пяць гадоў ужо. За што? Вугал 45 градусаў! Тут салюты на Новы год даюць такія... А чалавек пяць гадоў сядзіць. Па якіх законах яго судзяць? Савецкага Саюзу? Гэта ж быў 1991 год, тады расьсьледаваньне праводзіла Генэральная пракуратура СССР (Літва абвясьціла дзяржаўны сувэрэнітэт за паўгода да падзей студзеня 1991-га. — РС). Адразу, па сьлядах, экспэртызу зрабілі. Дзе яны, гэтыя расьсьледаваньні? Кажуць, Гарбачоў у Літву іх аддаў».
«У Беларусі нармальная ўлада, мяне ня выдадуць»
Уладзімір Усхопчык сьцьвярджае, што не турбуецца за свой далейшы лёс. Кажа, што беларускія ўлады ня пойдуць на перамовы зь літоўскімі наконт яго затрыманьня. Былы савецкі камандзір перакананы, што такі ж курс захаваецца і пасьля пакіданьня Лукашэнкам пасады кіраўніка Беларусі.
«У Беларусі нармальная ўлада. Нават калі яна памяняецца, будуць нармальныя пераемнікі, я ў гэтым упэўнены, — кажа Ўсхопчык. — А вось там, у Літве, улада памяняецца, я думаю. Расея нарэшце пачала дзейнічаць. Нас у Беларусі два чалавекі, а ў Расеі каля 60 чалавек. Расея пачала іх абараняць. Яны завялі справы супраць літоўскіх пракурораў і судзьдзяў, якія займаюцца парушэньнямі, судзяць людзей. Вось хай цяпер думаюць. Расея цяжка запрагае, марудна, але потым у яе нармальна атрымліваецца».
Пад канец размовы Ўладзімір Усхопчык усё ж прызнае, што за ходам працэсу, дзе яго абвінавачвалі ў ваенных злачынствах, сачыў. Нават зьвязваўся са сваімі былымі саслужыўцамі і папярэджваў іх, што можна рабіць, а што нельга.
«Ну што значыць не сачыў я за працэсам? У мяне ёсьць і сувязі, і людзі, — кажа Ўладзімір Усхопчык. — Асабліва тыя, хто часта бывае ў Літве. Чаму не, чаму я не павінен сачыць за працэсам? Я часта перазвоньваюся з саслужыўцамі былымі. Асабліва тымі, хто цяпер у Калінінградзкай вобласьці. Калі Меля затрымалі, я некаторых папярэджваў, каб ня езьдзілі ў Літву. Каб ня здарылася так, як зь Мелем. Зь Мелем я асабіста ня быў знаёмы. Я быў камандзірам дывізіі, а ён камандаваў танкавым узводам. У мяне 700 афіцэраў было, я яго ня мог ведаць. Магчыма, бачыў, недзе размаўлялі. Затрымалі яго, калі ён ужо палкоўнікам быў. Службу скончыў у Калінінградзе».
Уладзімір Усхопчык больш ня служыць ва Ўзброеных сілах Беларусі. Прызнаецца, што пасьля Мінабароны працаваў яшчэ 12 гадоў (ня кажа, дзе менавіта). Цяпер на пэнсіі.
«Пасьля сыходу са службы я 12 гадоў прапрацаваў у адной цывільнай арганізацыі, вяду актыўнае жыцьцё. Якая арганізацыя, гэта ня важна. Цяпер чым займаюся? Так, штосьці пішу. Нельга сказаць, што гэта мэмуары. Іх ніхто асабліва сёньня не чытае. Але штосьці пішу. Шмат падзей было розных у жыцьці, служба ў розных месцах. І Прыбалтыка, і Аўганістан 2 гады і 2 месяцы. З Аўганістану прыехаў у Вільнюс. З аднаго гарачага пункта ў другі. Думаў, застануся ў Прыбалтыцы, нікуды не паеду».
Публікаваць успаміны пра сваё жыцьцё, у тым ліку пра падзеі студзеня 1991 году, Уладзімір Усхопчык не плянуе.