Беларуская служба атрымала галоўную ўзнагароду году — 1 месца ў катэгорыі «Навіны і бягучыя падзеі» за асьвятленьне пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня 2020 году. Відэастрымы і рэпартажы Радыё Свабода з гарадоў Беларусі сабралі мільёны праглядаў на розных плятформах, цытаваліся вядучымі сусьветнымі СМІ Эўропы і Амэрыкі. Журналісты Свабоды выконвалі свой прафэсійны абавязак нягледзячы на шматлікія затрыманьні, зьбіцьцё, арышты, зьняволеньне ды іншыя перашкоды.
«Кожная ўзнагарода даецца за мінулыя дасягненьні, і гэта справядліва і ў дачыненьні да сёньняшняй вельмі дарагой для нас перамогі. Але гэта ня ўся праўда, — сказаў дырэктар Беларускай службы Аляксандар Лукашук. — Мінулае, асьвятленьне якога нашы калегі з розных краінаў прызналі найлепшай рэпартажнай працай году, у Беларусі не мінула — гэта і сёньняшні дзень, і заўтрашні. Таму наша ўзнагарода мае і выразны аспэкт будучыні, якую сучасная беларуская незалежная журналістыка мужна стварае штодзённа і штохвілінна».
Аўтары і журналісты Свабоды атрымлівалі сёлета шматлікія прафэсійныя ўзнагароды. У тым ліку Аляксандра Дынько адзначаная прэміяй «Гонар журналістыкі» імя Алеся Ліпая, Сяргей Дубавец стаў ляўрэатам прэміі імя Ежы Гедройця за кнігу Бібліятэкі Свабоды «Тантамарэскі», Ігар Карней абвешчаны пераможцам конкурсу БАЖ «Вольнае слова» за мастацкую публіцыстыку.
Сёлета на працягу году праца Беларускай службы восем разоў прызнавалася найлепшай сярод рэдакцыяў РСЭ/РС.