Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка можа пра гэта толькі марыць». «Міністар замежных справаў» Ціханоўскай пра сваю працу


Валер Кавалеўскі
Валер Кавалеўскі

Былы дыплямат і супрацоўнік МЗС Беларусі кінуў працу ў Сусьветным банку, каб далучыцца да каманды Сьвятланы Ціханоўскай. У інтэрвію Свабодзе Валер Кавалеўскі расказаў пра свае задачы на пасадзе кіраўніка МЗС «ценявога кабінэту».

Хто такі Валер Кавалеўскі

  • прафэсійны дыплямат
  • выпускнік факультэту міжнародных адносін БДУ і бізнэс-школы ІПМ
  • скончыў магістратуру Джорджтаўнскага ўнівэрсытэту (ЗША).
  • у МЗС Беларусі займаўся адносінамі Беларусі і ЗША, працаваў у пасольстве ў Вашынгтоне.
  • да прызначэньня прадстаўніком Ціханоўскай працаваў у штаб-кватэры Сусьветнага банку

Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, Валер Кавалеўскі прыляцеў у Менск і браў удзел у мірных маршах. Падчас маршу 22 лістапада яго затрымалі супрацоўнікі АМАПу. Двое сутак да суду Кавалеўскі правёў у ізалятары на Акрэсьціна. За ўдзел у акцыі яму прысудзілі штраф на 30 базавых велічыняў.

Аб працы ў Офісе Сьвятланы Ціханоўскай

Цяпер гэта мая адзіная праца. Сумяшчаць працу ў Сусьветным банку з новай пасадай непрымальна ані для Офісу Сьвятланы Ціханоўскай, ані для банку.

Запрашэньне было нечаканым, але я разумею, чаму мяне запрасілі. У мяне ёсьць прафэсійны досьвед у дыпляматыі, у міжнародных дачыненьнях, міжнароднай журналістыцы і міжнародныі разьвіцьці. Ёсьць веды, практыка, жыцьцёвы досьвед. А самае галоўнае, што я магу рабіць штосьці для сваёй краіны. Увесь досьвед, які я назапасіў за сваё жыцьцё, я рыхтаваў менавіта для гэтага — на карысьць пераменаў у Беларусі.

Мой прыход сюды ўмацоўвае каманду. Працы вельмі шмат.

Пра МЗС і міністра Макея

Замежная палітыка Беларусі скончылася на гэтым этапе. Ужо не адзін месяц мы бачым стагнацыю. Тое, што Ўладзімер Макей сказаў у адказ на заклікі эўрапейскіх дыпляматаў, гэта ігнараваньне рэальнасьці і фактаў, якія адбываюцца штодзень у Беларусі. Гэта проста непавага да беларусаў, да самога сябе. Гэта вельмі непрафэсійна і расчароўвае.

Калі дыпляматы павінны выконваць абсурдныя задачы ўлады, то гэта моцна падрывае іхную мараль і ўплывае на тое, як людзі працуюць. Цяпер вельмі кепскія часы для беларускіх дыпляматаў.

Пра задачы ў офісе Ціханоўскай

Ад моманту заснаваньня Офісу была зробленая грандыёзная праца: разьвітыя міжнародныя кантакты і праведзеныя шматлікія сустрэчы Сьвятланы Ціханоўскай на вельмі высокім узроўні. Яны адбываюцца штодзённа. Тое, як працуе Офіс, вельмі ўражвае. Гэта як саманда сапраўднага кіраўніка дзяржавы, Лукашэнка можа толькі марыць пра такую зацікаўленасьць з боку міжнароднай супольнасьці.

Мая задача — практычная рэалізацыя тых дамоўленасьцяў, якія Сьвятлана Ціханоўская і яе Офіс дасягнулі за гэты час.

Пра вэктар вонкавай палітыкі Офісу Ціханоўскай

На сёньняшні дзень галоўны прыярытэт Офісу Сьвятланы Ціханоўскай — дамагчыся таго, каб замежныя краіны і міжнародная супольнасьць прыклалі намаганьні дзеля таго, каб спыніць гвалт у Беларусі.

Тое, што робіцца, ня ставіць сабе за мэту геапалітычных выбараў: быць з Расеяй, ці быць з Эўразьвязам, ці іншымі аб’яднаньнямі. Справа ў вырашэньні ўнутрыпалітычнага крызісу.

Пра зьмену палітыкі ЗША пасьля інаўгурацыі Байдэна

Зьмена адбудзецца. Палітыка Байдэна будзе каштоўнаснай, заснаванай на прынцыпах. Сярод іх — правы чалавека і дэмакратыя, і яны прынцыповыя для ЗША.

Джо Байдэн яшчэ на этапе прэзыдэнцкай кампаніі неаднаразова выказваўся аб сытуацыі ў Беларусі. Ён паказваў веданьне сытуацыі і прапаноўваў захады, як трэба рэагаваць на гэтую сытуацыю.

У Кангрэсе цяпер разглядаецца Акт аб дэмакратыі, правах чалавека і сувэрэнітэце Беларусі. Гэта тое, што таксама стане важным падмуркам для амэрыканскай замежнай палітыкі ў дачыненьні да Беларусі новай адміністрацыі.

Пра Расею

З аднаго боку, Расея працягвае падтрымліваць Лукашэнку як свайго даўняга, але і нязручнага саюзьніка. З другога боку, Расея ня можа не разумець, што Лукашэнка цалкам адарваны ад беларускага народу, што ён не прадстаўляе беларусаў. Яны разумеюць, што ён слабее. І рана ці позна ім давядзецца рабіць выбар.

Будуць рабіцца захады, каб знайсьці варыянты і размаўляць з расейцамі. Хто б ня быў ва ўладзе, Расея застанецца важным партнэрам Беларусі.

Чаго баіцца Лукашэнка

Калі звонку, то гэта сукупнасьць захадаў: палітычныя і эканамічныя. Гэта і індывідуальныя санкцыі. Гэта салідарнасьць краінаў і супольная пазыцыя.

Самае галоўнае, што рухае сытуацыю наперад — гэта ўнутраны беларускі пратэст; людзі, якія не здаюцца. Гэта галоўная перадумова пераменаў і галоўны страх Лукашэнкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG