Макей адзначыў, што заяву з патрабаваньнямі да афіцыйнага Менску замежныя агенцтвы апублікавалі ўжо тады, калі праходзіў толькі экватар перамоваў.
«Абмеркавана нашмат больш пытаньняў, чым гэта паказана ў заяве прадстаўніцтва Эўрапейскага Зьвязу ў Менску. Больш за тое, абмеркаваньне адбывалася ў зусім іншай танальнасьці, чым пра гэта сказана ў паведамленьні. Мяне зьдзівіў, так бы мовіць, мэнтарскі тон заявы», — цытуе Макея БелТА.
У эфэктыўнасьці санкцыяў Макей сумняецца. Ён лічыць, што яны не прывядуць ні да разьвязаньня праблемаў, ні да пазытыўных зьменаў, нягледзячы на «прыгожую абгортку». Спроба працягнуць санкцыйны рух супраць улады Лукашэнкі, на думку Макея, «адназначна прывядзе да геапалітычных зьменаў у рэгіёне».
Макей лічыць, што Беларусь адэкватна адказвае на санкцыі міжнароднай супольнасьці. Ён перасьцярог эўрапейскіх палітыкаў, што «санкцыі прывядуць да пэўнага пагаршэньня становішча звычайных людзей у Беларусі».
Патрабаваньні дыпляматычнага прадстаўніцтва Макей назваў «агіткай» і дадаў, што «дзіўным чынам гэтыя пункты супадаюць з элемэнтамі праграмы радыкальных апанэнтаў дзейнай улады, якія эмігравалі».