Дзьве вынялі адразу ў машыне хуткай дапамогі, чатыры змаглі дастаць толькі ў вайсковым шпіталі. Мантажнік дагэтуль адчувае наступствы раненьняў. Свабода пагаварыла з пацярпелым.
9 жніўня ўвечары Ігар Троцкі выйшаў прагуляцца. Быў адзін, сьцягоў ня меў, нічога не выгукаў. Палітыкай ніколі не цікавіўся, а вось гісторыю любіць. Захапляецца нумізматыкай.
Дзьве кулі трапілі ў правую руку, дзьве ў жывот, дзьве ў нагу
Асноўныя падзеі тады разгортваліся каля стэлы, Ігар быў на праспэкце Машэрава. Амапаўцы стаялі мэтраў за 150 ад яго.
«Спыніўся бусік, зь яго выскачыў амапавец і прыцэльна стрэліў у мяне. Потым мне адмысловец, былы спэцназавец, сказаў, што ў мяне стралялі, хутчэй за ўсё, з шротніка. Стрэл быў адзін, а "прыляцела", як пазьней высьветлілася, ажно 6 куляў.
Людзі стаялі ад мяне далекавата, не маглі адразу падбегчы, каб аказаць дапамогу. Але "хуткія дапамогі" былі побач, мабыць, чакалі, што будуць разьвівацца сур’ёзныя падзеі.
Дзьве кулі трапілі ў правую руку, дзьве ў бок, дзьве ў нагу — адна зь іх разьбіла тэлефон. Дзьве кулі зь мяне вынялі яшчэ ў машыне хуткай дапамогі — я іх бачыў, яны былі памерам з аліўку», — расказаў Ігар Троцкі.
Параненага павезьлі ў вайскова-мэдычны клінічны цэнтар № 432 Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусі. Як пазьней апавядалі мэдыкі, у ноч з 9 на 10 жніўня ў вайсковы шпіталь паступілі чалавек 30 з так званымі «агнястрэламі», на наступны дзень яшчэ каля 70 параненых.
Тройчы трапляў у рэанімацыю
Уначы Ігару зрабілі першую апэрацыю. А 10 жніўня правялі дыягнастычную ляпараскапію — вызначалі, ці не засталіся кулі ўнутры арганізму.
«10 жніўня рабілі надрэзы каля пупка, устаўлялі апарат і глядзелі, каб куля не захрасла ва ўнутраных органах. Я тройчы трапляў у рэанімацыю.
14 жніўня мне рабілі другую апэрацыю. Неяк складана даставалі гэтыя кулі — разразалі бок у іншым месцы. У мяне былі рваныя раны ад плястыкавых куляў, я быў увесь сіні, нават на памяць фатаздымкаў гэтых жахаў не зрабіў,», — узгадвае спадар Троцкі.
Заключны дыягназ, пазначаны ў выпісцы са шпіталю, такі: «спалучанае раненьне жывата, правай верхняй і ніжняй канцавінаў, множныя сьляпыя раненьні жывата, правага пляча, правага сьцягна. Множныя іншародныя целы (плястыкавыя шары чорнага колеру)».
«Ніякай справы не заводзілі, толькі апыталі»
10 жніўня з раніцы ў вайсковым шпіталі было шмат супрацоўнікаў Сьледчага камітэту. Яны ўсіх параненых апытвалі, узгадвае Ігар Троцкі.
«А мяне толькі прывезьлі з апэрацыйнай, я яшчэ не адышоў ад наркозу, Са мной таксама спрабавалі размаўляць супрацоўнікі органаў. Але я тады ня ў стане быў адказваць. Пратакол яны склалі, аднак я яго тады не падпісаў. У мяне з сабой была торбачка, дзе былі акуляры, правы, ключы, дакумэнты. Я кажу: не магу без акуляраў прачытаць. Вось прынясіце акуляры, прачытаю — падпішу. Мэдсястра тады выклікала дзяжурнага доктара, ён нешта падпісаў — нібыта з маіх словаў. А ў шпіталі мае рэчы мне так і не аддалі — забраў торбачку ўжо пасьля выпіскі са Сьледчага камітэту», — успамінае Ігар.
Пры выпісцы са шпіталю Ігару Троцкаму далі накіраваньне на судова-мэдычную экспэртызу. Ён зьездзіў, прайшоў яе, выснову паабяцалі даслаць у Сьледчы камітэт.
«Ніякай справы не заводзілі, гэта было штосьці кшталту апытаньня. Хаця ў шпіталі я быў з самымі цяжкімі раненьнямі, казаў доктар.
Я разумею, што зьвяртацца, каб быў сур’ёзны разбор — сэнсу няма. Бо яшчэ не завялі ніводнай крымінальнай справы, а зьнявечаных, параненых людзей былі сотні. Наадварот, зробяць вінаватым мяне», — разважае Ігар.
«У шпіталі наглядзеўся такіх жахаў»
Дактарам вайсковага шпіталя ён вельмі ўдзячны — працавалі яны вельмі прафэсійна. Унутраныя органы ў Ігара не былі закранутыя. Апэрацыі зрабілі добра.
«Я празь некалькі дзён ужо ўставаў і дапамагаў астатнім — у суседа Канстанціна не было нават мыліцаў, ён ня мог падняцца.
У курылцы мы размаўлялі з хлопцамі. Усе казалі, што стаялі не ў натоўпе, а асобна. І стралялі менавіта ў тых, хто стаяў убаку, адзін. Магчыма, каб не было сьведкаў.
Былі параненыя і ў сьпіну, і ў галаву, і ў рукі, ногі, і гумавымі кулямі, і плястыкавымі, і аскепкамі. Ляжаў хлопец з ушчэнт раздробленай пяткай, на якой нават мяса не было — голая костка тырчала.
Аднаго зусім маладога хлопца гадоў 20 параненага пагрузілі ў аўтазак, ён папрасіў дапамогі. Байцы пытаюцца: "А што ў цябе?" Ён адказвае, што "агнястрэл" у нагу, падняў калашыну, а яны дручком пачалі лупіць па ране, раздрабілі нагу. Яму ў шпіталі рабілі складаную апэрацыю, зьбіралі костку з кавалкаў. Наглядзеўся такіх жахаў», — уздыхае Ігар Троцкі.
17 жніўня яго выпісалі з вайсковага шпіталю, бальнічны працягвалі ў паліклініцы, 27 жніўня зьнялі швы. Аднак раны яшчэ крывавілі, пачуваўся ня вельмі добра.
«Я мантажнік, мне трэба на вышыні працаваць. Кіраўніцтва пайшло насустрач, я яшчэ на два тыдні ўзяў адпачынак за свой кошт, крыху акрыяў. Ужо нібыта выкараскаўся, але цяпер нейкі звон у галаве адчуваю. Я пастаянна жыву ў Белаазёрску, а там ні ў шпіталі, ні ў паліклініцы няма нават нэўроляга. Амапаўцаў шмат, а нэўроляга ў горадзе з 10-тысячным насельніцтвам няма! У раённым цэнтры, у Бярозе, ёсьць адзін нэўроляг, ён быў у адпачынку. А зараз складана, бо я па працы ў Менску», — кажа Ігар Троцкі.