Дыпляматы пацікавіліся, што плянуюць улады Беларусі для выкананьня патрабаваньняў Канстытуцыі і міжнародных абавязаньняў у галіне правоў, свабодаў і вяршэнства закону.
Паводле дыпляматаў, найперш ідзецца пра тое, каб:
- спыніць затрыманьні мірных дэманстрантаў, гвалт і бесчалавечнае абыходжаньне;
- вызваліць усіх палітвязьняў і несправядліва затрыманых;
- прыцягнуць да адказнасьці асобаў, якія санкцыянавалі і ўчынялі акты гвалту і бесчалавечнага абыходжаньня, што мела вынікам цялесныя пашкоджаньні, траўмы, гібель людзей і агульны стан беззаконьня;
- правесьці свабодныя і сумленныя выбары пад незалежным назіраньнем.
Дыпляматы таксама паінфармавалі аб магчымых кірунках, па якіх маглі б разьвівацца адпаведныя двухбаковыя дачыненьні, калі б улады Беларусі зрабілі рэальныя і істотныя крокі для аднаўленьня законнасьці.
Кіраўнікі місіяў заклікалі ўлады Беларусі ўстрымацца ад дзеяньняў, якія перашкаджаюць дыпляматычнай супольнасьці ў Беларусі выконваць свае стандартныя дыпляматычныя абавязкі ў атмасфэры, свабоднай ад умяшаньня і запалохваньня. Яны таксама чакаюць, што беларускі бок пагодзіцца на вяртаньне ў Беларусь літоўскага і польскага паслоў і іх дыпляматычнага пэрсаналу да канца году.
Дыпляматы зноў заявілі, што іхныя ўрады гатовыя падтрымаць нацыянальны дыялёг у Беларусі і садзейнічаць яго разьвіцьцю, каб забясьпечыць сувэрэнітэт і незалежнасьць, а таксама бясьпечную, дэмакратычную і квітучую будучыню Беларусі.